Некалькі рэйсаў з Мінска ў маскоўскі аэрапорт Шарамецьева адмененыя
1- 23.09.2025, 10:26
- 1,404
З-за атакі беспілотнікаў.
Некалькі ранішніх і дзённых рэйсаў авіякампаніі «Аэрафлот» з Мінска ў маскоўскі аэрапорт Шарамецьева 23 верасня адмененыя з-за начной атакі беспілотнікаў на расійскую сталіцу. Пра змяненні паведамляе расклад мінскага аэрапорта.
Адмененыя рэйсы на 6.30, 11,40, 14.45. Рэйсы ў 17.20 і 21.10 і 22.55 пакуль плануюцца да вылету.
У кампаніі «Аэрафлот» паведамілі, што працягваецца праца па стабілізацыі раскладу.
«Авіякампанія плануе ўвайсці ў штатны рэжым выканання раскладу ў/з Шарамецьева да канца сённяшняга дня. Усе службы авіякампаніі працуюць у ўзмоцненым рэжыме. З пасажырамі адмененых і затрыманых рэйсаў вядзецца праца па ўсіх аэрапортах вылету», — заявілі ў кампаніі раніцай 23 верасня.
У Внукава ўсе рэйсы з Мінска паляцяць паводле раскладу.
Пра атаку беспілотнікаў увечары 22 верасня паведаміў мэр Масквы Сяргей Сабянін. Тады ж авіякампанія «Аэрафлот» праінфармавала пра ўвядзенне «часовых абмежаванняў на вылет і прылят паветраных суднаў» у аэрапорце Шарамецьева. Частка рэйсаў авіякампаніі, якія накіроўваліся ў Маскву, накіраваліся на запасныя аэрадромы ў Санкт-Пецярбург, Казань, Ніжні Ноўгарад, Ульянаўск, Іжэўск і Самару.
Таксама ўвечары 22 верасня затрымліваліся рэйсы, што прыляталі ў аэрапорт Внукава. Самалёт авіякампаніі «Победа» вылецеў з Мінска з амаль чатырохгадзінным спазненнем — а 01.40 замест 21.55.