8 снежня 2025, панядзелак, 22:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка распавёў кітайцам пра прымітыўную тэорыю змовы

7
Лукашэнка распавёў кітайцам пра прымітыўную тэорыю змовы
Валерый Карбалевіч

Пытанне мяжы на перамовах з КНР было галоўным.

Найбольшыя надзеі на развязанне крызісу на беларуска-польскай мяжы ўскладаюцца на Кітай. Кітайскія дэлегацыі наведалі Варшаву і Мінск. Падчас перамоваў Лукашэнка імкнуўся даказаць, што Польшча штучна правакуе канфлікт, выконваючы заказ ЗША на шкоду інтарэсам Кітая.

Канфлікт паміж Беларуссю і Польшчай вакол мяжы стаў міжнароднай праблемай. Эканамісты і бізнес падлічваюць страты, а палітыкі рознага ўзроўню абмяркоўваюць шляхі выхаду з крызісу.

Найбольшыя надзеі ўскладаюцца на Кітай. З аднаго боку, кітайская эканоміка найбольш церпіць ад гэтага тромбу на беларуска-польскай мяжы. З другога боку, усе звяртаюць увагу на рост міжнароднай вагі Кітая. Новая звышдзяржава павінна пацвердзіць свой статус. Кітай не хавае, што мае вялікія амбіцыі, што пацвердзілася падчас нядаўніх урачыстасцяў у Пекіне з нагоды 80-годдзя заканчэння Другой сусветнай вайны.

У дадзеным выпадку закрыццё беларуска-польскай мяжы наўпрост закранула інтарэсы Кітая. Паводле розных ацэнак, ад 92% да 98% сухапутнага транзіту ў гандлі Кітая з Еўропай ажыццяўляецца праз беларуска-польскую мяжу. Хуткасць дастаўкі тавараў з Кітая ў ЕС складае 5–7 дзён, што ў сярэднім у 3–5 разоў хутчэй, чым марскім транспартам. Акрамя таго, дастаўка па сушы абыходзіцца амаль у два разы танней за марскую. І цяпер гэты маршрут закрыты.

На Кітай ускладаюць надзеі не толькі Варшава і Мінск, але і іншыя міжнародныя гульцы. Бо калі дзяржава прэтэндуе на статус вялікай дзяржавы і не можа вырашыць праблему, якая непасрэдна закранае яе інтарэсы, гэта наносіць пэўны ўдар па яе прэстыжы. Трэба пацвердзіць свой статус.

Кіраўнік МЗС Кітая Ван І прыбыў у Варшаву 15 верасня. Пасля перамоваў польскае выданне Newsweek са спасылкай на крыніцы ў МЗС Польшчы паведаміла, што Ван І нібыта даў зразумець кіраўніку МЗС Польшчы Радаславу Сікорскаму, што кітайскія ўлады «правядуць адкрытую размову з Лукашэнкам» пра сітуацыю на польскай мяжы.

А праз тыдзень пасля гэтага візіту ў Мінск прыбыла кітайская дэлегацыя на чале з членам Пастаяннага камітэта Палітбюро ЦК КПК Лі Сі. Гэта значыць, кіраўнік дэлегацыі — адзін з сямі вышэйшых кіраўнікоў КНР. Гэта высокі ўзровень.

Падчас перамоваў Лі Сі з Аляксандрам Лукашэнкам уздымалася пытанне закрыцця беларуска-польскай мяжы. Можна меркаваць, што яно было адным з галоўных.

Як і варта было чакаць, Лукашэнка падчас перамоваў прапанаваў уласную версію гэтай праблемы:

«Вельмі шмат у СМІ апошнім часам, асабліва ў сувязі з вашым візітам у Беларусь, разнастайных інсінуацый наконт, у тым ліку, нашых адносін з Польшчай і закрыцця мяжы паміж Беларуссю і Польшчай. Я разумею, што гэта, хутчэй за ўсё, недружалюбны крок палякаў — палітычны, нейкі, напэўна, іміджавы, як лічаць палякі, супраць Кітайскай Народнай Рэспублікі. Але ніяк не эканамічны. Паколькі такая імперыя, як Кітай, лёгка справіцца з гэтай праблемай. Але тэма гучыць... Справа тут не ў Беларусі. Ну, а Польшча адыгрывае ролю нейкага каня-скакуна на карысць іншых дзяржаў...»

Калі перакласці гэтае выказванне на зразумелую мову, Лукашэнка хацеў даказаць наступнае:

1. Віна за крызіс на мяжы ляжыць не на Беларусі, а на Польшчы.

2. «Недружалюбны крок палякаў» толькі вонкава накіраваны супраць Беларусі («справа тут не ў Беларусі»). Фактычна гэта ўдар па Кітаі.

3. «Польшча адыгрывае ролю нейкага каня-скакуна на карысць іншых дзяржаў». Гэта іншая дзяржава — ЗША. То бок на гэтым кані сядзіць вершнік, які і кіруе ім, — амерыканец. Менавіта ЗША імкнуцца аслабіць свайго галоўнага канкурэнта — Кітай. А Польшча — амерыканская марыянетка. Таму справа тут не ў эканоміцы, а ў вялікай геапалітыцы.

4. Беларусь — надзейны саюзнік Кітая, таму ўвесь гнеў Пекіна павінен быць накіраваны на Варшаву.

Прыкметна, што Лукашэнка не захацеў публічна развіваць гэтую канспіралагічную версію, а прапанаваў Лі Сі пагаварыць вочы ў вочы, каб «расказаць яму нешта і падзяліцца нашай інфармацыяй па гэтай тэме». Навошта такія сакрэты? Бо ён не хоча псаваць перамоўны працэс з ЗША. Таму ў публічнай частцы — толькі намёкі, якія трэба расшыфраваць.

Цяжка зрабіць якія-небудзь высновы пра тое, ці ўдалося Лукашэнку пераканаць кітайскую дэлегацыю такімі прымітыўнымі тэорыямі змовы. Традыцыі кітайскай дыпламатыі не дазваляюць выносіць канфліктныя моманты на публічнае абмеркаванне. Бліжэйшая будучыня пакажа, ці быў ціск Кітая на афіцыйны Мінск моцным і эфектыўным. Гэта можна будзе ацаніць па тым, ці спыняцца напады мігрантаў на мяжы, ці будуць вызваленыя Анджэй Пачобут і манах Гжэгаж Гавель, абвешчаны «шпіёнам».

Валерый Карбалевіч, «Радыё Свабода»

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках