8 снежня 2025, панядзелак, 21:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Майкл Уолтц: ЗША будуць абараняць «кожны цаль» тэрыторыі краін НАТА

4
Майкл Уолтц: ЗША будуць абараняць «кожны цаль» тэрыторыі краін НАТА

Моцная заява амерыканскага пастаяннага прадстаўніка пры ААН.

Злучаныя Штаты і іх саюзнікі будуць абараняць «кожны цаль» тэрыторыі краін-удзельніц НАТА. Пра гэта заявіў 22 верасня прадстаўнік ЗША ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Майкл Уолтц на пасяджэнні Рады Бяспекі ААН, прысвечаным некалькім выпадкам меркаванага парушэння Расіяй паветранай прасторы краін НАТА, паведамляе «Радыё Свабода».

Уначы на 10 верасня каля 20 расійскіх беспілотнікаў, як сцвярджаюць улады Польшчы, перасеклі мяжу Польшчы. Некалькі апаратаў былі збітыя авіяцыяй НАТА. Таксама паведамлялася пра пралёт беспілотніка ў паветранай прасторы Румыніі. 19 верасня, як заявілі ўлады Эстоніі і іншых краін НАТА, тры расійскія знішчальнікі парушылі паветраную прастору Эстоніі над Балтыйскім морам і заставаліся ў ёй не менш як 12 хвілін.

Прадстаўнікі шэрагу краін НАТА падвергнулі Расію на пасяджэнні жорсткай крытыцы. Кіраўніца МЗС Вялікабрытаніі Івет Купер заявіла пра «безадказныя дзеянні» Расіі, якія ствараюць рызыку прамога ўзброенага канфлікту паміж НАТА і Расіяй. «Калі нам спатрэбіцца даць адпор самалётам, якія без дазволу дзейнічаюць у паветранай прасторы НАТА, мы гэта зробім», — сказала яна. З асуджэннем на пасяджэнні выступілі таксама прадстаўнікі Эстоніі, Румыніі і Польшчы. Кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі папярэдзіў Расію, каб яна не хадзіла скардзіцца ў Раду Бяспекі ААН, калі ў будучыні яе ракету «ці нешта іншае» зб'юць над тэрыторыяй адной з краін НАТА.

Кіраўніца дыпламатычнага ведамства ЕС Кая Каллас, якая таксама ўдзельнічала ў пасяджэнні, заявіла, што некалькі інцыдэнтаў, што адбыліся менш чым за два тыдні, не могуць быць выпадковасцю, і адзначыла, што Масква будзе працягваць «правакацыі» да таго часу, пакуль яны будуць сыходзіць ёй з рук.

Прадстаўнік Расіі Дзмітрый Палянскі заявіў, што ў краін НАТА няма доказаў таго, што Расія парушала іх паветраную прастору, і назваў тое, што адбываецца, «тэатрам абсурду».

Ніякіх рашэнняў на пасяджэнні прынята не было. У аўторак, як чакаецца, па запыце Эстоніі пройдуць кансультацыі краін НАТА ў адпаведнасці з чацвёртым артыкулам Паўночнаатлантычнай дамовы.

Майкл Уолтц упершыню ўзяў удзел у пасяджэнні Рады Бяспекі ААН у якасці прадстаўніка ЗША. Раней ён быў памочнікам прэзідэнта Дональда Трампа па нацыянальнай бяспецы.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках