Беларусаў папярэдзілі пра новы каранавірус
7- 2.09.2025, 21:40
- 21,368
Ён змяняе голас.
Намесніца міністра аховы здароўя — галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Беларусі Святлана Нечай распавяла пра «стратус» — падварыянт каранавіруса SARS-CoV-2 з лініі амікрон. Паводле намесніцы міністра аховы здароўя, з'яўленне «стратуса» — гэта звычайны жыццёвы цыкл любога віруса, які змагаецца за сваё існаванне і змяняе свае ўласцівасці, паведаміла агенцтва БелТА.
Паводле даных міністэрстваў аховы здароўя суседніх краін, дзе гэты від каранавіруса цыркулюе, нейкіх асаблівасцяў у «стратуса» амаль няма. Але ёсць такія прыкметы, як змена голасу, ахрыпласць або асіпласць. Гэты падварыянт не выклікае больш цяжкіх захворванняў, сур'ёзных ускладненняў, але адрозніваецца больш высокай заразнасцю.
У Беларусі пры маніторынгу новы штам «стратус» не выявілі.
Меры прафілактыкі тыя ж:
рэгулярнае мыццё рук,
калі адчуваеце сябе дрэнна, варта застацца дома і сачыць за сімптомамі (пры неабходнасці — звярнуцца да лекара),
рэгулярна праветрываць памяшканне,
праводзіць вільготную прыборку.
Нечай спрагназавала «пэўны рост захворвальнасці» віруснымі інфекцыямі на верасень. «Але карціну фармуюць негрыпозныя вірусы: гэта рынавірусы, адэнавірусы, рэспіраторна-сінцытыяльны вірус і іншыя», — распавяла галоўны дзяржаўны санітарны ўрач.
Яна заклікала беларусаў запланаваць вакцынацыю супраць грыпу на кастрычнік–лістапад, бо гэта час найбольш спрыяльны для фармавання ўстойлівага імунітэту.
«Стратус» (XFG) упершыню выяўлены ў пачатку 2025 года ў Паўночнай Амерыцы і Азіі. СААЗ прызнае яго хуткае распаўсюджанне, але пакуль не бачыць прыкмет больш цяжкага плыню хваробы.