У Латвіі на пляжы знайшлі уламак расійскага беспілотніка
- 18.09.2025, 21:16
- 2,578
Фотафакт.
У Латвіі на пляжы воласці Варве Вентспілскага краю 18 верасня выявілі уламак расійскага беспілотніка «Гербера». Пра гэта паведамілі Нацыянальныя ўзброеныя сілы Латвіі.
Міністр абароны Латвіі Андрыс Спрудс пацвердзіў, што ўламкі, выкінутыя на бераг, — гэта хваставая частка дрона-пасткі «Гербера».
«Спецыялісты, што прыбылі на месца, пацвердзілі, што аб’ект не з’яўляецца выбуханебяспечным. Працягваецца праца з Дзяржаўнай паліцыяй», — напісаў кіраўнік Мінабароны ў сацсетцы X.
Прэм’ер-міністр Латвіі Эвіка Сіліня паведаміла, што даручыла міністрам абароны і ўнутраных спраў звязацца з калегамі ў Польшчы, каб высветліць, ці падобны дрон да таго, які быў знойдзены ў Польшчы на мінулым тыдні.
«Нашым прыярытэтам было ўмацаванне ўсходняй мяжы, хоць відавочна, што не менш важная абарона ўзбярэжжа Балтыйскага мора шляхам усталявання неабходных датчыкаў», — напісала прэм’ер у сацсетцы X.
Нагадаем, уначы 10 верасня Польшча пацвердзіла парушэнне сваёй паветранай прасторы БПЛА. Гэта адбылося падчас масіраванага нападу Расіі на Украіну. Пазней польскія вайскоўцы пацвердзілі збіццё некалькіх беспілотнікаў.
