Расійскія акупанты скінулі бомбу на Канстанцінаўку ў Данецкай вобласці
1- 18.09.2025, 17:40
- 2,340
Загінулі пяць мірных жыхароў.
Раніцай 18 верасня расійская авіяцыя нанесла ўдар па Канстанцінаўцы ў Данецкай вобласці. Паводле паведамлення Нацыянальнай паліцыі Украіны, каля 10-й гадзіны была скінута авіябомба ФАБ-250 на жылую зону.
У выніку загінулі пяць чалавек: жанчыны 62 і 65 гадоў і трое мужчын ва ўзросце 65, 67 і 74 гадоў. Пашкоджаны чатыры шматкватэрныя дамы. Пачата расследаванне па артыкуле аб парушэнні законаў і звычаяў вайны.

Кіраўнік Данецкай абласной ваеннай адміністрацыі Вадзім Філашкін паведаміў, што ў Канстанцінаўцы яшчэ застаецца каля 6 тысяч жыхароў, хоць горад штодня падвяргаецца не менш як дзесяці авіяўдарам. Паводле яго слоў, апошняя бальніца, якая там працавала, нядаўна была эвакуяваная, і праз некалькі дзён будынак быў цалкам разбамблены. Чыноўнік заклікаў мясцовых жыхароў эвакуявацца на фоне ўзмацнення расійскага наступу.

Да вайны ў Канстанцінаўцы жылі больш за 67 тысяч чалавек, горад лічыўся цэнтрам шкляной прамысловасці Украіны.

Гэта не першы падобны выпадак у рэгіёне. 9 верасня расійскія войскі скінулі авіябомбу на пасёлак Яравая, дзе ў той момант выдавалі пенсіі. Тады загінулі 25 чалавек. Цяпер у Данецкай вобласці працягваецца прымусовая эвакуацыя сем’яў з дзецьмі: па стане на 17 верасня ў дзевяці населеных пунктах усё яшчэ застаюцца 1603 дзіцяці.