Дроны атакавалі расійскі Валгаград, дзе працуе прадпрыемства «Лукойла»
1- 18.09.2025, 10:15
- 4,532
Мясцовыя жыхары налічылі больш за дзясятак выбухаў.
У ноч на 18 верасня дроны, меркавана, атакавалі прадпрыемства «Лукойл-Валгаграднафтаперапрацоўка» ў расійскім Валгаградзе, мясцовыя жыхары паведамлялі пра больш чым дзясятак выбухаў.
Паводле паведамленняў мясцовых жыхароў, у паўднёвай частцы горада Валгаград быў чутны гук рухавіка і выбухі. Пра гучныя гукі таксама паведамлялі жыхары суседніх населеных пунктаў, пісаў Telegram-канал Shot.
У аэрапорце Валгаграда ўвялі план «Ковер». Былі адменены два маскоўскія рэйсы.
Губернатар вобласці заявіў, што з-за падзення абломкаў БПЛА былі выбіты шыбы і пашкоджаны дах у двух прыватных дамавалоданнях у Чырвонаармейскім раёне. Пацярпелых няма.
У сацсетках мяркуюць, што мэтай беспілотнікаў было прадпрыемства канцэрна «Лукойл», які забяспечвае палівам армію дзяржавы-агрэсара.
Расійскае ж Мінабароны заявіла, што на працягу ночы дзяжурнымі сродкамі СПА перахоплена і знішчана 43 украінскія беспілотныя лятальныя апараты самалётнага тыпу над тэрыторыяй Растоўскай, Валгаградскай, Курскай і Белгарадскай абласцей і над акупаваным Крымам.