РФ атакавала Кіеўскую вобласць дронамі: ёсць трапленні ў дамы
3- 18.09.2025, 8:34
- 5,644
Успыхнулі пажары.
Уначы на 18 верасня расійскія акупацыйныя войскі нанеслі ўдар дронамі па прыватных дамах і складскіх памяшканнях у Кіеўскай вобласці. У выніку абстрэлу пацярпелі некалькі раёнаў рэгіёна.
Пажары ўспыхнулі ў розных раёнах Кіеўшчыны, паведаміў начальнік Кіеўскай абласной вайсковай адміністрацыі Мікалай Калашнік.
«У выніку варожай атакі ў Барыспальскім раёне адбылося ўзгаранне складскіх памяшканняў. Аператыўныя службы на месцы здарэння. Прымаюцца ўсе неабходныя меры», — напісаў Калашнік.
Ён адзначыў, што наступствы варожай атакі таксама зафіксаваныя ў Бучанскім раёне.
«Тут узнік пажар у прыватным доме. Працуюць выратавальнікі ДСНС», — падкрэсліў Калашнік.
У той жа час у сеціве з'явілася відэа, на якім зафіксаваны момант прылёту «шахеда» па мэтах паблізу Барыспаля.
На момант публікацыі матэрыялу інфармацыя пра пацярпелых ад расійскай атакі не паступала.
Зазначым, што выбухі позняй ноччу таксама гучалі і ў сталіцы Украіны. Мэр Кіева паведамляў, што ў Кіеве працуе СПА.