Раскрыта хітрасць, якая ратуе вочы ад экраннай стомы
2- 12.09.2025, 16:34
- 11,150
Парады лекара.
У сярэднім людзі праводзяць 5–8 гадзін, гледзячы на медыяпрылады — тэлевізары, камп'ютары, смартфоны і планшэты. І хоць гаджэты істотна спрашчаюць жыццё, за гэта часта расплачваюцца нашы вочы. Аптаметрысты расказалі пра просты метад 20–20–20, які дапаможа не загубіць зрок.
Якую шкоду экраны наносяць нашым вачам?
Аптаметрысты (спецыялісты па праверцы зроку і падбору сродкаў карэкцыі) падкрэсліваюць, што, хоць час, праведзены перад экранам, звычайна не прыводзіць да незваротнай шкоды, ён усё ж негатыўна адбіваецца на здароўі і камфорце вачэй.
Адна з галоўных прычын — рэдкае мірганне. Калі вы засяроджаныя на экране, частата міргання можа змяншацца аж на 60%, выклікаючы сухасць, раздражненне і стому вачэй. Дадайце да гэтага пастаянную фіксацыю погляду на блізкай адлегласці — і вы атрымаеце рэцэпт стомы, затуманенага зроку і галаўных боляў.
Блакітнае святло таксама выклікае моцнае ўзбуджэнне. Хоць яго незваротная шкода не даказаная, эксперты сцвярджаюць, што яно можа парушаць цыркадны рытм (цыкл сну) і ўзмацняць агульны дыскамфорт вачэй.
Калі вы заўважылі сухасць, сверб або слёзацячэнне вачэй, затуманены зрок, галаўны боль або цяжкасці з пераключэннем фокусавання з блізкай на далёкую адлегласць, прычынай можа быць працяглае знаходжанне перад экранам.
Метад 20–20–20 для вачэй
Найлепшы першы крок — рэгулярныя праверкі зроку і кансультацыі з афтальмолагам па любых пытаннях. Але ёсць і простыя спосабы знізіць лічбавую нагрузку.
Вядома, цалкам адмовіцца ад экранаў немагчыма, але можна больш свядома планаваць перапынкі. Адзін з самых простых падыходаў прапанавала доктарка Софія Вісанджы, аптаметрыстка з Нью-Ёрка. Яна параіла прытрымлівацца правіла 20–20–20.
«Кожныя 20 хвілін выкарыстання лічбавай прылады глядзіце на адлегласць 20 футаў [6 метраў] на працягу 20 секунд», — сказала яна.
Тэарэтычна гэта проста, але не заўсёды лёгка запомніць. Таму яна карыстаецца хітрым напамінам: «Я трымаю на стале пясочны гадзіннік на 20 хвілін. Калі ў ім заканчваецца пясок, я адводжу позірк ад экрана, каб даць вачам адпачыць».
«Гэта не толькі стыльны аксэсуар для працоўнага стала, але і выдатнае напамінанне пра неабходнасць даваць вачам адпачынак», — дадала спецыялістка.