Эканамічная «Алхімія» Пуціна дае збой
1- 5.08.2025, 14:06
- 4,444
Савета Федэрацыі заклікае да «жорсткай эканоміі».
Расейскі бюджэт імкліва страчвае ўстойлівасць: па выніках чэрвеня дэфіцыт дасягнуў 3,7 трлн рублёў (амаль $46 млрд), набліжаючыся да ўсталяванага на 2025 год ліміту. Замест абяцаных 0,5% ВУП, Дэфіцыт можа перавысіць 1,7%, што ўжо выклікае трывогу ў вярхах улады. Спікерка Савета Федэрацыі Валянціна Мацвіенка заклікае да «жорсткай эканоміі», піша The Spectator (пераклад-сайт Charter97.org).
Прычынай стаў празмерны аптымізм чыноўнікаў. Замест чаканай нафты па $66 за барэль, рост коштаў абмежаваны калідорам $55-65, а рубель, які ўмацаваўся, змяншае даходы ад экспарту. Даходы ад нафты і газу за першае паўгоддзе ўпалі на 17% у параўнанні з мінулым годам і на 25% — што да прагнозаў.
Рост ВУП запаволіўся з 4,3% у 2024 годзе да 1,4% у першым квартале 2025-га. Зніжэнне тэмпаў росту вядзе да падзення падатковых паступленняў і росту памеру дэфіцыту.
Пуцін паабяцаў не падвышаць падаткі і не дэвальваваць рубель, захаваўшы выдаткі на абарону, бяспеку і сацыяльныя выплаты. У выніку Мінфін вымушаны перакладаць нагрузку на бізнэс і насельніцтва: скарачэнне субсідый, падвышэнне збораў, акцызаў і штрафаў — усё гэта ўжо ў працы.
Абаронная прамысловасць застаецца недатыкальнай - яе дзель перавышае 7,7% ВУП. Аднак запасы савецкага ўзбраення высільваюцца, і патрэбныя дарагія закупкі.
Ва ўмовах пагроз з боку ЗША і ЕЗ, кожная замежная турбулентнасць можа абрынуць хісткую бюджэтную канструкцыю. Стаўка Пуціна на «эканамічную ўстойлівасць вайсковай дзяржавы» рызыкуе абярнуцца арыфметычным крахам.