ЗША прыстрашылі мытамі Бразіліі
4- 5.08.2025, 12:43
- 2,896
За пакупку расейскіх нафтапрадуктаў.
Апроч Кітая і Індыі, якія сталі галоўнымі пакупнікамі расейскай нафты пасля пачатку вайны ва Украіне, пад амерыканскія мыты можа патрапіць Бразілія. Пра гэта ў інтэрв'ю Bloomberg TV паведаміў пастаянны прадстаўнік ЗША пры NATO Мэцью Уітакер.
"Другасныя санкцыі і мыты супраць Кітая, Індыі і Бразіліі, якія купляюць расейскую нафту, з'яўляюцца відавочным наступным крокам у спробе пакласці канец вайне", – сказаў Уітакер.
З ягоных слоў, санкцыі, якія рыхтуе Белы дом пасля заканчэння ўльтыматума Дональда Трампа, "сапраўды ўдараць" па расейскай эканоміцы, якая атрымлівае за кошт продажу нафты і газу практычна палову ўсіх экспартных даходаў.
Расейска-ўкраінскі канфлікт можа быць развязаны толькі дыпламатычным шляхам, а не на полі бою, і Трамп стварае ўмовы для такога ўрэгулявання, падкрэсліў Уітакер.
Бразілія, у адрозненне ад КНР і Індыі, не закупляе ў Расеі сырую нафту. Яна, зрэшты, з'яўляецца трэцім найбуйнейшым імпарцёрам расейскіх нафтапрадуктаў (12%).