9 снежня 2025, aўторак, 2:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Куды адправіўся Лукашэнка з Валаама

20
Куды адправіўся Лукашэнка з Валаама

Тэст на паспяховасць перамоў.

Увечары 3 жніўня Аляксандр Лукашэнка вярнуўся ў Беларусь пасля трохдзённага візіту ў Расею.

Гэтым разам Уладзімір Пуцін запрасіў свайго «малодшага брата» наведаць Валаам, дзе, папярэдне памаліўшыся, палітыкі, седзячы на лавачцы, у прысутнасці прэсы доўга разважалі на геапалітычныя тэмы. Абмеркавалі вайну ва Украіне, дачыненні з ЗША, заходнія санкцыі, павучылі Трампа, як трэба весці перамовы з Расеяй. Ну і, вядома, узгадалі пра расейскую цуда-зброю "Арэшнік", вытворчасць якой, са слоў Пуціна, ужо пастаўлена на паток, піша udf.by.

А другі і трэці дзень беларускі і расейскі кіраўнікі прысвяцілі абмеркаванню двухбаковай тэматыкі ў "закрытым фармаце".

Як мяркуе палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч, хутчэй за ўсё, Пуцін і Лукашэнка абмяркоўвалі канчатковы фармат вераснёўскіх вучэнняў "Захад-2025".

"З заяваў беларускіх і расейскіх генералаў вынікае, што фармат вар'іраваўся ў залежнасці ад зменаў міжнароднай сітуацыі. Цяпер назіраецца трэнд на эскалацыю канфлікту Расеі і Беларусі з Захадам. А такія вучэнні - зручная прылада шантажу і ціску на суседзяў, якой можна маніпуляваць", - уважае аналітык.

Другой тэмай закрытай размовы магло стаць абмеркаванне эканамічных праблем.

"Беларускія афіцыйныя асобы публічна агучылі просьбы Менска да Масквы. Размова ідзе аб новых крэдытах: на рэфінансаванне старых запазычанасцяў, фінансаванне новых праектаў імпартазамяшчэння і, што асабліва паказальна - на фінансаванне бюджэту Беларусі. То бок, беларускі ўрад не спраўляецца з бюджэтам і не саромеецца прасіць грошы ў "старэйшага брата". Між тым, у самой Расеі сёлета чакаецца вялізны бюджэтны дэфіцыт", - адзначае Карбалевіч.

Яго словы пацвярджае і расейскі эканаміст Вячаслаў Шыраеў. З ягоных слоў, эканамічны крызіс накрывае не толькі Беларусь, але і Расею.

"Тое, што ў найбліжэйшы час чакае Беларусь, а менавіта павелічэнне гандлёвага дэфіцыту, дэвальвацыя беларускага рубля і гэтак далей - усё гэта з адтэрміноўкай у некалькі месяцаў здарыцца і ў Расеі, таму што гэта ўзаемазалежныя сістэмы", - упэўнены экспэрт.

Прычым, са слоў Шыраева, калі раней Масква заўсёды была гатова дапамагаць Аляксандру Лукашэнку крэдытамі, "якія ён ніколі не аддаваў", то цяпер, ва ўмовах вайны з Украінай, Пуцін можа за такую падтрымку запатрабаваць ад Лукашэнкі рэальных палітычных саступак.

"Крэмль будзе трымаць у сваіх гэтых кіпцюрастых лапах Беларусь да апошняга. І вось гэтая смяротная хватка і давядзе эканоміку Беларусі да больш нават жаласнага стану, я баюся, чым у Расеі, таму што Лукашэнку ўжо не будзе каму дапамагаць", - уважае Шыраеў.

Пакуль пра канкрэтныя вынікі візіту Лукашэнкі на Валаам нічога не вядома. Як невядома і тое, куды беларускі кіраўнік паляцеў з Расеі. Год таму пасля сустрэчы з Пуціным ён адправіўся не ў Менск, а да сябе на малую радзіму - у рэзідэнцыю "Александрыя" ў Шклоўскім раёне. Лукашэнка называе яе сваім "месцам сілы", дзе ён прыходзіць у сябе пасля цяжкіх працоўных будняў.

Калі сёлета ён зноў адправіўся ў "Александрыю", то гэта можа быць сігналам аб тым, што перамовы з Пуціным былі вельмі цяжкімі і "малодшы брат" нічога не дабіўся ад "старэйшага" ў плане атрымання фінансавай падтрымкі.

Гэта значыць, што Лукашэнку давядзецца зноў у экстранным парадку заняцца разграбаннем санкцыйных завалаў на заходнім кірунку. Для гэтага яму неабходна прыбраць мігрантаў ад мяжы з ЕЗ, зменшыць тон сваёй ваяўнічай рыторыкі ў адрас Брусэля і працягнуць вызваляць палітычных зняволеных.

У любым выпадку найбліжэйшыя месяцы могуць стаць вельмі цікавымі ў плане палітычнай эквілібрыстыкі 70-гадовага беларускага кіраўніка.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках