У ISW раскрылі, што стаіць за шалёнымі заявамі Мядзведзева
17- 5.08.2025, 8:51
- 14,650
Ягоную ролю ў Крамлі наўмысна прымяншаюць.
Крэмль спрабуе пераменшыць ролю намесніка старшыні Рады Бяспекі РФ Дзмітрыя Мядзведзева ў працэсе прыняцця рашэнняў у краіне-агрэсары Расеі.
Пра гэта гаворыцца ў новай справаздачы Інстытута вывучэння вайны (ISW) за 4 жніўня. На думку аналітыкаў, Крэмль хоча схаваць ролю, якую Мядзведзеў выконвае ў інфармацыйнай кампаніі расейскага дыктатара Уладзіміра Пуціна, накіраванай супраць Захаду.
Эксперты ISW звярнулі ўвагу на заяву спікера крамлёўскага рэжыму Дзмітрыя Пяскова 4 жніўня, які сцвярджаў, што афіцыйныя асобы РФ, у тым ліку Мядзведзеў, па-рознаму ацэньваюць сітуацыю навокал, аднак замежную палітыку краіны вызначае Пуцін. Аднак, канстатуюць аналітыкі, спроба Пяскова аддзяліць погляды Мядзведзева ад поглядаў Пуціна не сыходзіцца з тым фактам, што расейскі дыктатар і іншыя чыноўнікі з ягонага блізкага кола самі неаднаразова рабілі тое ж самае — бразгалі ядравай зброяй, пагражаючы Захаду.
У ISW выказалі перакананне, што Мядзведзеў не прымае пастаноў у замежнай палітыцы РФ, аднак яго заявы, магчыма, "з'яўляюцца часткай узгодненай інфармацыйнай стратэгіі Крамля".
Пуцін, падкрэслілі аналітыкі, мог бы падвергнуць заявы Мядзведзева цэнзуры, калі б меў такое жаданне, аднак яго агрэсіўныя заявы "служаць пэўнай мэце Пуціна". На фоне рыторыкі Мядзведзева заявы расейскага дыктара гучаць для Захаду больш умерана і канструктыўна. Такім чынам у Пуціна з'яўляецца больш прасторы для выстаўлення вялікіх патрабаванняў ці пагроз.
Заява, якую Пяскоў зрабіў 4 жніўня, з'яўляецца спробай схаваць, што Крэмль, імаверна, не толькі ўхваляе, але і заахвочвае, Мядзведзева выкарыстоўваць свае сацсеткі для антызаходніх заяў, канстатавалі ў ISW.