5 снежня 2025, Пятніца, 10:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Азербайджан і ААЭ адмовіліся ўдзельнічаць у расейскім аналагу «Еўравізіі»

9
Азербайджан і ААЭ адмовіліся ўдзельнічаць у расейскім аналагу «Еўравізіі»

Іх заменіць Мадагаскар.

Арганізатары расейскага конкурсу «Інтэрвізія-2025», які пазіцыянуецца як альтэрнатыва «Еўравізіі», сутыкнуліся з адмовай двух удзельнікаў: Азербайджан і Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, раней анансаваныя ў складзе краінаў-удзельніцаў, былі выключаныя з афіцыйнага спісу. Як паведамляе ТАСС са спасылкай на арганізацыйны фонд «Традыцыі мастацтва», гэтыя дзяржавы адмовіліся ад удзелу «праз унутраныя прычыны і нястачу часу на падрыхтоўку».

У абноўленым пераліку, апублікаваным у тэлеграм-канале конкурсу, замест іх з'явіўся Мадагаскар. Такім чынам, фінальны спіс удзельнікаў уключае 19 краінаў: Беларусь, Венесуэла, В'етнам, Егіпет, Індыя, Казахстан, Катар, Кітай, Калумбія, Куба, Кыргызстан, Мадагаскар, Расея, Саудаўская Аравія, Сербія, Таджыкістан, Узбекістан, ПАР і ЗША.

Паводле словаў арганізатараў, запрашэнні раней рассылаліся і ў шэраг еўрапейскіх краінаў. «Ужо сёлета на конкурсе будуць прадстаўленыя ўсе кантыненты, што дэманструе глабальную цікавасць да фармату. На жаль, некаторыя краіны не змаглі прыняць удзел праз унутраныя прычыны, нястачу часу на падрыхтоўку і шчыльныя графікі мерапрыемстваў міністэрстваў», – заявілі ў фондзе «Традыцыі мастацтва».

Расея з 2022 года не ўдзельнічае ў «Еўравізіі»: арганізатары адхілілі краіну пасля ўварвання ва Украіну. На гэтым фоне міністарка культуры Вольга Любімава прапанавала вярнуць «Інтэрвізію» як пляцоўку для прасоўвання «культурнай разнастайнасці ва ўмовах шматпалярнага свету». Генеральны дырэктар Першага канала Канстанцін Эрнст падтрымаў ідэю, заявіўшы, што конкурс стане «вольнай трыбунай» без палітычных абмежаванняў. У лютым правесці музычнае спаборніцтва даручыў Уладзімір Пуцін.

На падрыхтоўку да конкурсу ўрад Расеі ў сакавіку вылучыў 750 млн рублёў. Фінал «Інтэрвізіі», як чакаецца, пройдзе 20 верасня на стадыёне Live Arena у Адзінцова. Расею прадставіць спявак Шаман (Яраслаў Дронаў).

Упершыню «Інтэрвізія» з'явілася ў 1970-я гады як музычны фестываль сацыялістычнага блоку. Конкурс праходзіў у польскім Сопаце, а таксама ў Празе і Браціславе.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках