«Усе актывы Крамля пушчаныя ва-банк»
21- 5.07.2025, 21:16
- 27,500

75% расейцаў гатовыя падтрымаць мір.
З прыходам прэзідэнта ЗША Дональда Трампа многія чакалі заканчэння вайны і заключэння мірнай дамовы паміж Украінай і Расеяй. Стала зразумела, што гэтыя спадзяванні марныя.
Ці адбіліся гэтыя працэсы на настроях расейцаў? Якія эмоцыі яны адчуваюць у сувязі з тым, што вайна будзе прадаўжацца? З такім пытаннем сайт Charter97.org звярнуўся да доктара сацыялогіі, дырэктара ўкраінскага Інстытута канфлікталогіі і аналізу Расеі (ІКАР) Аляксандра Шульгі:
– У студзені 2025 года мы правялі і глыбінныя інтэрв'ю з расейскімі мужчынамі мабілізацыйнага ўзросту (18–50 гадоў), і агульнае тэлефоннае сацыялагічнае апытанне. Вядома ж, большасць хацела б, каб вайна скончылася. Мы бачылі гэта таксама ў рэакцыях у сацыяльных сетках, у абмеркаваннях, у асноўных тэмах. Мірныя перамовы былі топ-тэмай. Яны збіралі найбольшую ўвагу, рэакцыі, прагляды – менавіта тэмы, якія тычацца расейска-амерыканскіх і расейска-ўкраінска-амерыканскіх перамоваў.
Адзначым, што дамінантная арганічная тэма ў расейскіх сацыяльных сетках – арганічная, гэта значыць, не разагнаная штучна публікацыямі і ботамі – гэта пытанні эканамічнага характару. Калі браць агульнарасейскі кантэкст, то ў кожным рэгіёне ёсць свае праблемы, але найперш гэта сацыяльна-эканамічныя цяжкасці: кошты, інфляцыя, пакупніцкая здольнасць. Гэта сведчанне як пра пагаршэнне фінансавага стану расейцаў, так і пра руцінізацыю расейска-ўкраінскай вайны, якая, у сутнасці, адбылася яшчэ ў 2024 годзе, а цяпер канчаткова замацавалася.
Калі гаварыць пра штучна ствараныя тэмы, то гэта міжнацыянальныя стасункі і міграцыя. Мы назіралі гэта яшчэ ў 2024 годзе. Гэта значыць, ідзе спроба пераключыць увагу расейцаў з унутраных праблемаў і вайны. Вайна перастала быць пераключальнікам увагі з эканамічных праблемаў, і цяпер патрабуецца новы фокус. Гэтым фокусам сталі міграцыйныя пытанні. Паводле вынікаў 2024 года мы зафіксавалі рост колькасці публікацый пра міграцыю ў пяць разоў. Вядома, трэба браць да ўвагі ўплыў тэракту ў «Крокус Сіці Холе». Але пасля гэтай падзеі тэма актыўна мадэравалася расейскай прапагандай.
У 2025 годзе мы бачым прадаўжэнне гэтай тэндэнцыі. Тое, што адбылося ў Екацерынбургу – рэйд супраць азербайджанскай дыяспары – стала толькі элементам кампаніі, распачатай у 2024 годзе. Забойства двух чалавек і рэзананс у азербайджанскім грамадстве, рэакцыя ўладаў – гэта не выпадковасць. Расейскія сілавікі атрымалі сакрэтны дазвол на жорсткія дзеянні ў рамках антымігранцкай кампаніі. Таму цяперашняе абвастрэнне паміж Азербайджанам і Масквой – лагічнае развіццё падзей. Калі б не на гэтым тыдні, то ў наступны ці праз месяц усё роўна нешта падобнае адбылося б. Расейцы зведваюць маніпуляцыі: вайна перастала быць сродкам утрымання ўлады, яна стала праблемай, ад якой цяпер таксама трэба адварочваць увагу. Цяпер на ролю новага адварочвальнага чынніку спрабуюць прасунуць тэму міграцыі: праблема неадаптаваных мігрантаў, іх культурнай і фізічнай пагрозы.
Запыт на заканчэнне вайны сярод расейцаў існуе – мінімум 70%. Пытанне ва ўмовах, на якіх яны хочуць яе заканчэння. Мы задавалі гэтае пытанне ў 2023, 2024 і 2025 гадах. Каб унікнуць рызыкі, выкарыстоўвалі тэрмін «СВА». Толькі 13–15% рэспандэнтаў адказвалі, што вайна павінна прадаўжацца да поўнай перамогі, гэта значыць да захопу ўсёй Украіны. Яшчэ блізу 15% казалі: год, два – цярпіма. А вось блізу 60–70% выступаюць за канкрэтныя тэрміны. 41% мяркуе, што вайна павінна скончыцца цягам паўгода. Гэта ўстойлівы лік з 2024 года. Яшчэ 20% гавораць: не больш за год. Гэта пераважная большасць.
Калі б Уладзімір Пуцін цяпер абвясціў пра заканчэнне вайны, 75% расейцаў падтрымалі б гэта. Гэты трэнд з'явіўся яшчэ ў 2023 годзе. Трэба, каб Пуцін сказаў: усё, мы скончылі. Аргумент, што расейцы не зразумеюць такога кроку – ілжывы. Большасць зразумелі б і ўхвалілі. Сфармаваўся ўстойлівы наратыў: «да СВА было лепш».
Цяпер лета, а лета – перыяд адкладзенага эфекту. Летась прадукты, якія павінны былі таннець – бульба, цыбуля, капуста – падаражэлі. Цяпер рост коштаў ідзе яшчэ хутчэй. Асноўныя сацыяльна-эканамічныя наступствы і змены стаўлення да вайны выявяцца ўвосень.
Вайна перастала быць інструментам утрымання ўлады. Цяпер гэта проста адна з праблемаў, ад якой трэба адварочваць грамадства.
– У расейскай эканоміцы пачаліся сур'ёзныя праблемы. І яны пачалі ўжо ўплываць на жыццё простых расейцаў. Літаральна на днях, да прыкладу, у Расеі моцна павысілі кошты паслуг ЖКГ. Ці ёсць у расейцаў лагічная сувязь паміж вайной і пагаршэннем якасці жыцця? Ці выльецца гэта ў нешта?
– Ведаеце, так. Як ні дзіўна, лагічная сувязь ёсць. У пачатку года мы задалі пытанне – не наўпрост: «Вы разумееце, што Пуцін давёў краіну да такога?» – так нельга з метадалагічнага і бяспечнага пунктаў гледжання. Мы пыталіся інакш: «Якія прыярытэты павінны быць у прэзідэнта?» Большасць расейцаў адказалі – заканчэнне вайны.
Гэта разумеюць і чыноўнікі. Яны адкрыта гавораць, што расейская эканоміка знясіленая і не можа далей весці вайну. Сказаць гэта проста яны не могуць, але ўсё відавочна. Пакуль ідзе вайна, палепшыць сытуацыю немагчыма.
Расейцы разумеюць: развязаць сацыяльна-эканамічныя праблемы нельга, пакуль прадаўжаецца вайна. Гэта ўжо кансэнсус – і ў эліце, і ў грамадстве. Чыннік не прыбраны, а лечаць сімптомы. Боль толькі спрабуюць прытупіць.
Крэмль усімі сіламі імкнецца мінімізаваць наступствы – і санкцый, і самой вайны. Мы бачым, як усе рэсурсы, усе актывы Крамля пушчаныя ва-банк. Ніхто не думае пра рэпутацыю. Віктар Орбан, напрыклад, ужо амаль даслоўна паўтарае рыторыку Масквы. Часам нават незразумела, хто гаворыць – расейскі чыноўнік або вугорскі прэм'ер. Я не ведаю, які павінен быць памер хабару, каб ён так гаварыў, але ягоная актыўнасць – важны індыкатар: Расеі патрэбная не толькі адсутнасць новых санкцый, але і зняцце старых.
Цяпер усе намаганні Крамля – эканамічныя, палітычныя, дыпламатычныя – накіраваныя на тое, каб як мага задоўжыць вайну, не развязваючы яе першапрычыну. Час ад часу з'яўляюцца публікацыі: «яшчэ паваюем да канца года, а потым за стол перамоваў». Відаць, на большае сілаў у іх не стае.