Запазычанасць расейскіх кампаній перад Пенсійным фондам падвоілася
2- 5.07.2025, 14:00
- 2,844

Пад пагрозай выплаты пенсій і дапамог.
Запазычанасць расейскіх кампаній у страхавых унёсках – гэта значыць адлічэннях на пенсійнае і медыцынскае забеспячэнне супрацоўнікаў – за перыяд са студзеня да сакавіка 2025 года вырасла на 22% і дасягнула 352 млрд рублёў. Пра гэта паведамляюць «Известия» са спасылкай на звесткі Падліковай палаты. Для параўнання: на стан чэрвеня 2024 года нядоімка складала амаль удвая менш – 179 млрд рублёў, вынікае з аўдытарскага дакумента, піша The Moscow Times.
На думку апытаных выданнем экспертаў, асноўная прычына росту запазычанасці – пагаршэнне фінансавага становішча прадпрыемстваў на фоне высокіх ключавых ставак. Асабліва гэта закранула малы і сярэдні бізнэс. Як растлумачыў аналітык Freedom Finance Global Уладзімір Чарноў, кампаніі ў такіх умовах у першую чаргу накіроўваюць абаротныя сродкі на актуальныя патрэбы – выплату заробкаў, арэнду, закупкі, – у той час як страхавыя ўнёскі адыходзяць на другі план. Прафесарка Фінансавага ўніверсітэта пры ўрадзе РФ Юлія Далжанкова адзначае, што ў 2025 годзе чакаецца запаволенне эканамічнага росту, а ў шэрагу галінаў магчымы спад. Гэта, паводле ейных словаў, пагоршыць сітуацыю і прывядзе да далейшых затрымак у выплаце ўнёскаў.
Дадатковым чыннікам з'яўляецца рост нефармальнай занятасці і «шэрых» схемаў аплаты працы, калі частка заробку выдаецца неафіцыйна, з мэтай мінімізаваць падатковую нагрузку. Уладзімір Чарноў удакладняе, што пры гэтым у цэлым у эканоміцы ўзровень заробкаў прадаўжае расці, а разам з ім і памер абавязковых страхавых адлічэнняў, што ўзмацняе ціск на бізнэс.
Юлія Даўжанкова таксама паказвае на яшчэ адзін магчымы механізм: імкнучыся знізіць вытворчыя выдаткі, кампаніі скарачаюць штат і перадаюць функцыі на аўтсорсінг або наймаюць супрацоўнікаў праз іншыя арганізацыі. У такіх выпадках абавязальніцтвы ў страхавых выплатах кладуцца на пасярэднікаў, якія не заўсёды выконваюць іх своечасова ці ў поўным аб'ёме.
Рост запазычанасці кампаній ва ўнёсках уяўляе патэнцыйную рызыку для стабільнасці бюджэту Сацыяльнага фонду Расеі (СФР), асабліва калі тэндэнцыя захаваецца ў другім паўгоддзі, папярэджвае Уладзімір Чарноў. Хоць паводле вынікаў першага квартала 2025 прыбыткі СФР перавысілі выдаткі на 200 млрд рублёў, устойлівасць фонду шмат у чым забяспечваецца за кошт трансфертаў з федэральнага бюджэту, дадае эксперт.
Паводле звестак Падліковай палаты, у першым квартале 2025 года ў бюджэт Сацфонду паступіла 2,8 трлн рублёў страхавых унёскаў – гэта на 15% больш у параўнанні з аналагічным перыядам летась.
Аднак Чарноў падкрэслівае: калі аб'ём нядоімак прадоўжыць расці больш высокімі тэмпамі, гэта можа прывесці да дэфіцыту бюджэту фонду. У такім выпадку запатрабуюцца дадатковыя ўліванні з федэральнай казны, а таксама ўзмацненне жорсткасці кантролю за працадаўцамі.
Наступствы павелічэння запазычанасці могуць быць сістэмнымі, мяркуе эксперт. Па-першае, гэта скарачае рэсурсы для выплатаў пенсій, дапамог і іншых сацыяльных абавязальніцтваў – асабліва калі тэмпы росту выплатаў не будуць адпавядаць узроўню паступленняў. Па-другое, узрастае нагрузка на добрасумленных падаткаплацельнікаў. У доўгатэрміновай перспектыве такая сітуацыя можа падарваць устойлівасць страхавой сістэмы і знізіць узровень сацыяльнай абароненасці грамадзянаў, папярэджвае Чарноў.