NYT: Еўропа шукае шлях да глабальнага эканамічнага лідарства
1- 4.07.2025, 12:38
- 1,428

Краінам ЕЗ трэба паглыбляць інтэграцыю і ўзмацняць унутраны рынак.
На штогадовай канферэнцыі Еўрапейскага цэнтральнага банка (ЕЦБ) у Сінтры, Партугалія, эканамісты і прадстаўнікі цэнтрабанкаў абмяркоўвалі не столькі інфляцыю, колькі шляхі падвышэння канкурэнтаздольнасці Еўропы, піша The New York Times (пераклад - сайт Charter97.org).
Аптымізм узмацніла паведамленне аб тым, што інфляцыя ў еўразоне ў чэрвені склала роўна 2% - доўгатэрміновая мэта ЕЦБ. «Я не кажу, што місія выкананая, але мэта дасягнутая», – заявіла кіраўніца ЕЦБ Крысцін Лагард.
Замест далейшых асцярог з нагоды інфляцыі ўдзельнікі засяродзіліся на ідэях, як узмацніць унутраны рынак Еўропы. Сярод прапаноў - палягчэнне доступу да капіталу і мабільнасці працоўнай сілы. Эканамісты падкрэслілі: ЕЗ даўно абмяркоўвае гэтыя захады, але зараз ёсць надзея на рэальныя крокі.
Прэзідэнт Бундэсбанка Ёахім Нагель адзначыў: «Мы моцныя ў аналізе, але слабыя ў рэалізацыі. Аднак я бачу, што сітуацыя мяняецца». Адной з прычын упэўненасці стала ўспрыманне эканамічнай палітыкі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа як шанцу для Еўропы ўзмацніць уласную пазіцыю на сусветнай арэне.
Прафесар з Каліфарнійскага ўніверсітэта Бенджамін Шэфер указаў на слабую прадукцыйнасць працы ў Еўропе, нягледзячы на нізкае беспрацоўе. Ён звязаў гэта з тым, што еўрапейцы рэдка мяняюць працу праз сацыяльныя гарантыі.
Эканамістка ФРС ЗША Ана Марыя Сантакрэу дадала, што Кітай становіцца наўпроставым канкурэнтам Еўропы ў высокатэхналагічных сектарах. Выснова: Еўропе трэба паглыбляць інтэграцыю і ўзмацняць унутраны рынак.
«Не вінаваціце іншых - навядзіце парадак у сябе», - заклікаў чалец праўлення ЕЦБ П'еро Чыпалонэ.
Канферэнцыя скончылася на пазітыўнай ноце: «Мы можам гэта зрабіць», - сказаў прафесар Філіп Аг'ёнпад апладысменты залы.