Sky News: Прэм'ер Брытаніі Стармер неўзабаве можа сысці ў адстаўку
- 4.07.2025, 9:53
- 3,424

У Лейбарысцкай партыі назвалі прыкладныя тэрміны.
Прэм'ер-міністру Вялікай Брытаніі, сэру Кіру Стармеру, магчыма, давядзецца сысці ў адстаўку цягам некалькіх месяцаў, калі яго ўрад будзе працягваць «дрэнна працаваць». Такое меркаванне ёсць сярод чальцоў Лейбарысцкай партыі, і адзін неназваны чалец урада і яшчэ адзін неназваны вядомы палітык ужо нібы папярэдзілі аб гэтым брытанскага прэм'ера.
Брытанскаму вяшчальніку Sky News пра гэта распавялі дзве крыніцы з партыі лейбарыстаў. Праўда, гэтыя крыніцы адразу пасля слоў пра «два-тры месяцы» адзначылі «травень наступнага года».
«Абодва папярэдзілі, што калі лейбарысты дрэнна выступяць на выбарах у траўні наступнага года ва Уэльсе, Шатландыі і Лондане, гэта можа азначаць канец знаходжання (Стармера) на Даўнінг-стрыт», - распавёў намеснік палітычнага рэдактара Sky News Сэм Коўтс.
На жаль, палітычная рэдакцыя вяшчальніка не ўдакладніла ў партыйных крыніц, якія менавіта «два-тры месяцы» лейбарысты будуць чакаць - сёлета, ці ўсё ж пачынаючы з траўня 2026 года.
Так ці інакш, але Сэм Коўтс таксама спасылаецца на падначаленых Стармера, якія таксама кажуць аб адстаўцы прэм'ера «праз некалькі месяцаў».
«Узровень незадаволенасці і роспачы ў некаторых частках Лейбарысцкай партыі настолькі вялікі, што менавіта цяпер, у першую гадавіну, я чую ад міністраў урада, што Стармеру давядзецца сысці ў адстаўку праз некалькі месяцаў», – кажа Коўтс.
Крыніцы вяшчальніка кажуць пра выбары менавіта ва Уэльсе, Шатландыі і Лондане таму, што мяркуецца, што ў гэтых месцах «лейбарысты рызыкуюць страціць пазіцыі». Справа ў тым, што паводле звестак апошніх апытанняў, у Брытаніі рэйтынг падтрымкі кансерватыўнай партыі ўпаў да 16% (гэта самы нізкі паказчык за апошнія 25 гадоў), за дэмакратаў гатовыя прагаласаваць 17% выбарцаў, а за лейбарыстаў - 22%.
Найбольшую падтрымку зараз мае партыя Reform UK - 29%. Менавіта гэтая партыя перамагла на нядаўніх мясцовых выбарах.
У дадатак да «двух-трох месяцаў» і «траўня наступнага года» вяшчальнік таксама цытуе міністра аховы здароўя Брытаніі Уэса Стрытынга, які заявіў, што сэра Кіра Стармера «ўвесь час недаацэньваюць» і што пакуль ён «у поўнай бяспецы на пасадзе прэм'ер-міністра».