Лукашэнка не зможа ўседзець на двух крэслах
5- 30.07.2025, 11:20
- 11,104
Стаяць у расцяжцы можна, але нядоўга.
У Менск 29 ліпеня заляцеў дрон. Беспілотнік, які відавочна ляцеў праз мяжу, змог заляцець у сталіцу, даляцець да вуліцы Матусевіча і прызямліцца акурат на прыпаркаваныя аўтамабілі ў двары жылога дома №72. У двары гэтага дома - дзіцячы садок, час прылёту дрона - 2 гадзіны ночы. І толькі гэта, мабыць, выратавала ад ахвяр і пацярпелых. Таму што, як вядома, спадзявацца на беларускія сілы СПА - доля шчырых вернікаў, піша planbmedia.io.
Беспілотнік ёсць, а каментароў няма
Пра залёт беспілотніка беларусы даведаліся не ад уладаў, якое там. Першымі пра гэта напісалі незалежныя СМІ. "Зеркало" паведаміла, што на відэа, якое ёсць у распараджэнні рэдакцыі, дрон залятае ў двор дома №72 на вуліцы Матусевіча, уразаецца ў аўтамабіль і выбухае.
«У роліку чутны шум, як ад мапеда, затым раздаецца моцны выбух. Пасля гэтага на зямлю падаюць абломкі, а побач з прыпаркаванымі аўто зіхацяць іскры пад серыі гукаў удараў і выбухаў», — напісала выданне.
Ніякіх афіцыйных каментароў з гэтай нагоды не было. Толькі праз гадзіну пасля публікацыі Мінабароны пацвердзіла прылёт беспілотніка ў сталіцу. Мабыць, адмаўляць было ўжо неяк нязручна.
Бог сцеражэ, а СПА - не. Калі баявыя дроны залятаюць у Беларусь, у беларускага СПА атрымліваецца толькі маліцца, каб яны ўзарваліся ў полі, а не пасярод жылых дамоў.
«Дзяжурнымі сіламі СПА а 2 гадзіне ночы 29 ліпеня ў паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь быў знойдзены і спынены палёт неапазнанай паветранай цэлі – парушальніка парадку выкарыстання паветранай прасторы, ідэнтыфікаванай як БЛА. У выніку ўздзеяння на яго сродкаў радыёэлектроннай барацьбы 02:33 БЛА ўпаў у раёне дома 72 па вул. Матусевіча. Пацярпелых у выніку інцыдэнту няма», - паведамілі вайскоўцы.
У Мінабароны, вядома ж, дадалі, што Лукашэнка «сітуацыю трымае на асабістым кантролі». Бо, як вядома, нават рапс пад асабістым кантролем Лукашэнкі расце лепш. Беспілотнікі цяпер таксама, можа, пачнуць разварочвацца на паўдарозе.
Адкуль мог прыляцець дрон?
Яшчэ праз тры гадзіны Следчы камітэт паказаў абломкі дрона і заявіў, што ён быў «напоўнены трацілам і вялікай колькасцю паражальных элементаў у выглядзе металічных шарыкаў».
На фотаздымках СК - часткі дрона з надпісамі на ўкраінскай мове. Але дзе былі знятыя гэтыя абломкі, і ці тыя гэта, якія ўпалі на Матусевіча, невядома.
Прылёт дронаў у Беларусь ужо не навіна. Праўда, да Менска яны яшчэ не даляталі. Выданне «Флагшток» паведамляла, што з 7 да 13 ліпеня зафіксавана не менш за 59 «залётаў» расейскіх ударных дронаў у Гомельскую вобласць.
Праўда, заляцець 29 ліпеня дрон мог і з Расеі, і з Украіны. Страчваючы кірунак, калі іх спрабуюць збіць, беспілотнікі збіваюцца з маршруту і могуць паляцець у любы бок.
Ёсць вялікія сумневы, што беларусам раскажуць, адкуль прыляцеў дрон у Менск. Вінаватымі, як звычайна, могуць стаць самі беларусы. Тым больш што «Вясна» ўжо паведаміла, што АМАП прыйшоў на Матусевіча і затрымлівае людзей у двары. Сілавікі гэтую інфармацыю зняпраўдзілі, але гэта да першай крымінальнай справы, так бы мовіць.
Уся гэтая сітуацыя кажа пра тое, што ўседзець на двух крэслах, калі ты суагрэсар у вайне, не атрымаецца. Стаяць у расцяжцы можна, але нядоўга. Тры з паловай гады - цалкам прыстойны тэрмін. А далей давядзецца пажынаць плён сваіх недальнабачных пастаноў.