У Беларусі падаражэюць квіткі на цягнікі і электрычкі
7- 29.07.2025, 18:11
- 3,898
Год таму кіраўнік БЧ заяўляў, што падвышаць кошты квіткоў на цягнікі няма неабходнасці.
У Беларусі падвышаюць кошты праезду на чыгуначным транспарце. Пра гэта піша БелТА.
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) яшчэ 18 ліпеня ўхваліла новыя тарыфы. Але дзейнічаць яны пачнуць толькі пасля афіцыйнага апублікавання адпаведнай пастановы – пакуль дакумент не апублікаваны.
Кошты квіткоў у прыгарадных цягніках павялічацца на 20 капеек у межах аднаго тарыфнага поясу (напрыклад, на кірунку Менск – Гарадзішча), а таксама на 25 капеек у межах двух тарыфных паясоў (напрыклад, кірунак Менск – Чырвоны Сцяг).
На рэгіянальных маршрутах кошт праезду будзе залежаць ад адлегласці, катэгорыі цягніка і іншых чыннікаў. Так, квіток у эканомклас па маршруце Менск – Рудзенск падаражэе на 25 капеек, а ў бізнэс-клас па маршруце Менск – Бабруйск – на 55 капеек.
На міжрэгіянальных кірунках рост тарыфаў складзе 82 капейкі для плацкартных квіткоў (напрыклад, Менск – Віцебск) і 1,13 рубля – для купэ. У цягніках бізнэс-класу кошт павялічыцца на 1,2 рубля ў 2-м класе і на 1,65 рубля – у 1-м класе.
Нагадаем, папярэдняе павышэнне было ў красавіку 2024 года. Тады рост коштаў закрануў квіткі цягнікоў гарадскіх ліній, рэгіянальных ліній эканомкласу і бізнэс-класу. Таксама вырас кошт перавозкі багажу на гарадскіх, рэгіянальных і міжрэгіянальных маршрутах.
Пазней, у жніўні 2024-га, кіраўнік БЧ Валерый Вярэніч заяўляў, што падвышаць кошты квіткоў на цягнікі няма неабходнасці, паколькі субсідаваць перавозку пасажыраў могуць прыбыткі ад дастаўкі грузаў. «На найбліжэйшую перспектыву павелічэння пасажырскіх тарыфаў на пасажырскія перавозкі рэгіянальных зносінаў я не бачу. Заўсёды ёсць перакрыжаванае субсідаванне грузавымі перавозкамі тых выдаткаў, якія кладуцца на пасажырскія зносіны», – апавядаў тады кіраўнік арганізацыі.