Памёр трэці работнік «Беларуснафты», які атрымаў удар току
9- 29.07.2025, 15:49
- 7,742
Ён памёр у лякарні.
Трагедыя ў Рэчыцкім раёне здарылася 27 ліпеня, калі трое работнікаў перавешвалі сейсмічны кабель праз аўтадарогу М-10. Падчас працы яны зачапілі металічным абсталяваннем электралінію.
У выніку двое мужчын загінулі на месцы ад удару токам, яшчэ аднаго шпіталізавалі. Аднак Следчы камітэт не паказваў, што загінулыя былі работнікамі «Беларуснафты». Пра гэта стала вядома выданню «Флагшток».
Акрамя таго, выданне паведамляе, што 28 ліпеня трэці рабочы прадпрыемства памёр у лякарні. Следчы камітэт пра гэта пакуль нічога не пісаў.
Паводле крыніцы «Флагштока», адзін з загінулых – мужчына 43 гадоў, ён раней працаваў у лясной гаспадарцы. Другому было 25 гадоў, а памерламу ў бальніцы – усяго 22 гады. Усе трое былі прынятыя на працу за некалькі месяцаў да трагедыі.
Нагадаем, Следчы камітэт паведаміў, што ў Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласці 27 ліпеня ад удару токам загінулі двое мужчын.
Трое рабочых перавешвалі сейсмічны кабель праз аўтадарогу М-10 і закранулі металічным абсталяваннем электралінію. У выніку двое з іх (43 і 25 гадоў) загінулі на месцы, яшчэ аднаго шпіталізавалі.
На месцы здарэння працавала следча-аператыўная група, апытваліся відавочцы, плануецца прызначэнне шэрагу экспэртных даследаванняў. Асаблівую ўвагу абяцаюць надаць прычынам і ўмовам, якія спрыялі трагедыі.