Палітолаг: у Крамлі пачаліся няўхільныя працэсы
6- 29.07.2025, 9:26
- 10,952
Расейскія эліты разумеюць патавасць сітуацыі.
Дональд Трамп змяніў рыторыку ў дачыненні да Расеі і патрабуе неадкладнага спынення вайны. На фоне гэтага ў Крамлі пануюць песімістычныя настроі, а ад Уладзіміра Пуціна можа адвярнуцца нават ягонае асяроддзе.
Палітолаг Ігар Рэйтэровіч расказаў «24 Каналу», што расейцы да апошняга спадзяваліся, што прыход Трампа дапаможа ім перамагчы. Яны чакалі разрыву ЗША з NATO і Еўразвязам, але гэтага не адбылося.
Пуцін на гэта спадзяваўся
У рэальнасці Трамп прыехаў на саміт NATO і быў у вельмі добрым настроі. Да таго ж краіны альянсу павялічылі фінансаванне абаронных бюджэтаў, пачалі купляць амерыканскую зброю. Нават атрымалася падпісаць гандлёвае пагадненне з ЕЗ.
«Пуцін і кампанія спадзяваліся на іншае. Яны думалі, што Трамп пасварыцца з Еўропай, таму цяпер ён не ў лепшай сітуацыі», – адзначыў палітолаг.
На фронце акупанты сапраўды маюць прасоўванне, але яно даецца цаной вялікіх страт. Больш за тое, Трамп заявіў пра мільён забітымі, якіх страціла Расея ў вайне. Улічваючы ўсё гэта ў Крамлі пануе песімістычны настрой.
«Ужо некалькі тыдняў ваенныя карэспандэнты ў адзін голас крычаць, што трэба або ўсё заканчваць, або абвяшчаць рэальную мабілізацыю. Трэба мабілізаваць адначасова не менш за 300 000 чалавек. Без гэтага не атрымаецца захаваць нават тое, што ёсць», – падкрэсліў Ігар Рэйтэровіч.
Расейцы «адкочваюцца» на фронце. Гэта мы бачым на прыкладзе Сумскай вобласці. Пасля новых заяў Трампа сітуацыя можа пагоршыцца яшчэ больш. Гэта заўважаюць расейскія эліты, нават афіцыйныя прадстаўнікі ўлады. Яны разумеюць, што менавіта Пуцін вінаваты ў тым, што адбылося.
Крэмль не прыняў прапанову Трампа і цяпер для Расеі ўсё можа скончыцца значна горш. Як на гэта адрэагуюць так званыя эліты – застаецца вельмі цікавым пытаннем.
У Крамлі разумеюць патавасць сітуацыі
Найбліжэйшае асяроддзе Пуціна, асабліва супрацоўнікі ФСБ зразумелі, што ўсё вельмі дрэнна яшчэ ў першыя тыдні вайны. Тады стала відавочна, што Расея не зможа перамагчы. Але правадыр Крамля дазволіў ім браць усё, што хочуць, унутры краіны.
«Цяпер эйфарыя прайшла, бо ўжо няма чаго браць. Засталася частка дыпламатаў, такіх як кіраўнік МЗС Сяргей Лаўроў, якія хочуць ісці да канца. Яны думаюць, што Расея можа ваяваць яшчэ 10 гадоў і атрымаць нейкую перамогу», - сказаў палітолаг.
Але большасць усё ж такі разумее, што трэба шукаць выйсце з сітуацыі. Важна скончыць хоць бы актыўную фазу вайны, таму што ўсё гэта можа прывесці да няўхільных працэсаў, якія ўжо не ўдасца трымаць пад кантролем.
Напрыклад, Пуцін ужо баіцца вяртання расейцаў з фронту, таму што не ведае як іх сацыялізаваць. Вярнуць іх у нармальнае грамадства будзе сур'ёзным выклікам.