У расейскім Сальску гарыць чыгунка і грузавы цягнік
5- 29.07.2025, 7:34
- 12,980
Праз масаваную атаку БПЛА спынены рух.
Уночы 29 ліпеня дроны атакавалі Растоўскую вобласць Расеі, дзе пад ударам апынуліся аб'екты чыгуначнай інфраструктуры. У выніку атакі падняліся моцныя пажары, улады паведамляюць пра траплянні па чыгуначнай станцыі Сальск, піша «Фокус».
У выніку начной атакі дронаў расейцы абмежавалі рух цягнікоў праз станцыю Сальск. Пра гэта паведаміла расейскае медыя «Известия».
«Рух цягнікоў праз станцыю Сальск у Растоўскай вобласці прыпынены праз падзенне абломкаў БпЛА, таксама адбылося ўзгаранне грузавога цягніка, пацярпелых няма», — гаворыцца ў паведамленні.

Варта адзначыць, што Сальск - важны чыгуначны вузел у Растоўскай вобласці РФ. Гэтай чыгункай праз населены пункт УС РФ перакідваюць зброю і асабовы склад на фронт.
Часовы выканаўца абавязкаў губернатара Растоўскай вобласці Юрый Слюсар таксама расказаў, што пацярпеў падчас атакі населены пункт Каменск-Шахцінскі. Там, з ягоных слоў, праз нібыта падзенне абломкаў дрона загарэлася трава.
Праўкраінскі Telegram-канал Exilenova+ таксама раскрыў дэталі начной атакі па Растоўскай вобласці. У медыя паведамілі, што пад ударам, акрамя Сальска, апынуўся таксама населены пункт Арлоўскі, дзе, папярэдне, была атакаваная цягавая падстанцыя «Двайная».
«Працягваюцца ўдары па уразлівых лагістычных шляхах ворага», - адзначылі аналітыкі.
Таксама ў сетцы распаўсюдзілі кадры начной атакі па Растоўскай вобласці.

Варта адзначыць, што атака па Растоўскай вобласці пачалася а 02:00 гадзіне. Расейскае медыя Mash паведаміла аб выбухах і ўспышках у небе над Сальскім і Валгадонскім, прынамсі 7 ударных БпЛА ў той час атакавалі Сальск, адзначылі ў СМІ.



