Кітай перастаў набываць трэць расейскага вугалю
1- 28.07.2025, 19:40
- 4,228
Пекін з'яўляецца ключавым рынкам збыту для расейскіх кампаній.
Экспарт расейскага вугалю ў Кітай рэзка скараціўся ў першай палове 2025 года: у вартасным выразе ён упаў на 25% год да году, падлічылі аналітыкі Цэнтра эканамічнага прагназавання (ЦЭП) Газпрамбанка. Пры гэтым у красавіку – чэрвені падзенне паставак паскорылася і склала 34% у параўнанні з аналагічным перыядам летась. У ЦЭП нагадалі, што Расея экспартуе да 50% здабытага вугалю, а Кітай з'яўляецца ключавым рынкам збыту для расейскіх вугальных кампаній. У 2024 годзе на кітайскі рынак прыпала прыкладна палова ўсяго расейскага экспарту вугалю. У той самы час дзель Расеі ў імпарце вугалю Кітая ў 2024 годзе зменшылася з 23 да 18%.
Скарачэнне попыту з боку Кітая пагаршаецца зніжэннем рэнтабельнасці паставак праз высокі кошт крэдытных рэсурсаў, моцнага рубля і дарагой лагістыкі, адзначаюць аналітыкі. Такім чынам, цяжкі крызіс, які накрыў расейскую вугальную прамысловасць пасля страты еўрапейскага рынку і ўзмацнення міжнародных санкцый, прадаўжае нарастаць. Раней намеснік міністра энэргетыкі РФ Дзмітрый Ісламаў паведаміў, што пад пагрозай закрыцця знаходзіцца 51 вугальнае прадпрыемства. Усяго ў Расеі на пачатак 2024 года іх было 179 (52 шахты і 127 разрэзаў). У 2024 годзе страты расейскай вугальнай галіны склалі 112,6 млрд руб., але ў гэтым годзе яны дасягнулі такога ўзроўню толькі паводле вынікаў студзеня – траўня, адзначаў намеснік дырэктара дэпартамента вугальнай прамысловасці Мінэнэрга Дзмітрый Лапацін. Паводле ягоных словаў, сукупныя страты галіны да канца года могуць дасягнуць 300–350 млрд руб. – узроўню, супастаўнага з гадавымі бюджэтамі буйных рэгіёнаў Расеі.
25 ліпеня ўрад зацвердзіў пастанову пра захады падтрымкі вугальнай галіны. Да 30 лістапада вугальныя кампаніі атрымалі адтэрміноўку ў выплаце падаткаў на здабычу карысных выкапняў і выплаце страхавых унёскаў. Мінфін ацэньваў памер падтрымкі галіны на 63 млрд руб., а таксама чакаў, што па дапамогу звернуцца блізу 50 прадпрыемстваў. Пры гэтым ва ўстанове зазначалі, што асобныя кампаніі ўжо атрымалі індывідуальныя субсідыі, адтэрміноўкі ў крэдытах і рэструктурызацыю запазычанасці. Сярод іншага, дзяржпадтрымкай скарысталіся «Мечэл», «Варкутавугаль», «СДС-вугаль», «УК "Сіла Сібіры"», «Данскія вуглі», «Паўночны Кузбас» і СУПК, якія кіруюць 34 шахтамі і вугальнымі разрэзамі, 16 абагачальнымі фабрыкамі, а таксама 20 металургічнымі, рамонтна-транспартнымі і дапаможнымі вытворчасцямі.