Беларускія пляжнікі датэрмінова выйшлі ў суперфінал Еўралігі
- 27.07.2025, 19:04
- 1,786
Ён пройдзе з 9 па 14 верасня ў італьянскім Віярэджа.
Зборная Беларусі ў пляжным футболе саступіла камандзе Швайцарыі ў заключным матчы групы В Еўралігі - 7:9.
У ходзе гульні беларусы саступалі з лікам 2:5, але потым змаглі ўчыніць камбэк і ус абнадзеілі заўзятараў, давёўшы лічбы да 4:5.
На жаль, пераламаць ход гульні ўсё ж не атрымалася - швайцарцы забілі яшчэ тры мячы запар.
Затым беларусы зноў зрабілі лік 7:8. Аднак цуд ўсё ж не здарыўся.
Нагадаем, на першым этапе Еўралігі беларусы ўпэўнена перамаглі Турцыю (12:1), Нямеччыну (6:1) і Чэхію (9:2), прадэманстраваўшы выдатную форму.
На другім ім была залічана тэхнічная перамога над Латвіяй (3:0) праз адмову супраціўніка выходзіць на поле. А пасля зборная Беларусі адолела каманду Малдовы з лікам 5:3.
Нягледзячы на крыўдную паразу ад швайцарцаў, нашай камандзе хвалявацца не варта - яна датэрмінова адабралася ў суперфінал Еўралігі, куды патрапяць восем наймацнейшых зборных кантынента.
Ён пройдзе з 9 па 14 верасня ў італьянскім Віярэджа.
Нагадаем, у двух апошніх сезонах беларуская каманда заваявала бронзавыя медалі турніру, а ў 2021 годзе стала срэбраным прызёрам.