Крэмль заявіў, што не збіраецца спыняць вайну ва Украіне
17- 27.07.2025, 19:02
- 14,394
Масква не мае намеру спыняць вайну да заканчэння 50-дзённага «ультыматуму» Трампа.
Расея насуперак патрабаванням ЗША будзе весці вайну супраць Украіны да таго часу, пакуль не дасягне ўсіх мэт "СВА", і гэта неабходна будзе "зафіксаваць". Пра гэта прадстаўнік Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў, адказваючы на пытанне ТАСС аб магчымасці аднаўлення дыпламатычных адносін паміж дзвюма краінамі.
"Спачатку трэба ўсё ж урэгуляваць праблему, і нам трэба зафіксаваць выкананне тых задач, якія стаялі перад СВА", - сказаў ён. Пяскоў заявіў, што Масква хацела б вырашыць задачы вайны "палітыка-дыпламатычнымі сродкамі". "Калі атрымаецца перайсці ў рэчышча дыпламатычнага ўрэгулявання, то тады гэта пойдзе ўжо ў пераважным варыянце для нас", – сцвярджае ён, дадаючы, што абвешчаная Уладзімірам Пуціным "СВА" працягваецца "ва ўмовах, калі гэтыя сродкі сталі немагчымымі і ўсе прапановы аб дыялогу былі адпрэчаны".
Днямі Пяскоў даў зразумець, што Масква не мае намеру спыняць вайну да заканчэння 50-дзённага “ультыматуму” прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, абвешчанага 14 ліпеня, які прадугледжвае жорсткія санкцыі супраць Расеі, прынамсі,100%-ыя імпартныя мыты на шэраг тавараў. Падчас трэцяга раўнда ўкраіна- расейскіх перамоваў у Стамбуле 23 ліпеня Кіеў прапанаваў правесці сустрэчу прэзідэнтаў Украіны і РФ да канца жніўня. Аднак Пяскоў усумніўся, што гэта магчыма, бо, паводле яго слоў, на такой сустрэчы магчымае толькі падпісанне мірнай дамовы.
«Сустрэча на вышэйшым узроўні можа і павінна паставіць кропку ва ўрэгуляванні і зафіксаваць тыя мадальнасці дамоўленасцей, якія трэба выпрацаваць падчас экспертнай працы. <…> Ці можна такі найскладаны працэс прайсці за 30 дзён? Відавочна, што наўрад ці», - сказаў ён.
Са слоў блізкіх да Крамля крыніц Reuters, Пуцін гатовы да ўзмацнення санкцый з боку ЗША і настроены працягваць вайну да таго часу, пакуль Захад не пагодзіцца на ягоныя ўмовы ўрэгулявання. Расейскі прэзідэнт можа спыніць наступ у выпадку поўнага захопу ўсіх чатырох анэксаваных абласцей Украіны і супраціву УСУ. Калі ж фронт разваліцца, Пуцін можа пачаць вялікую бітву за Днепр, Сумы і Харкаў.