У Турцыі зафіксаваны новы тэмпературны рэкорд
2- 27.07.2025, 11:14
- 6,840
Упершыню з 2021 года.
На тэрыторыі Еўропы і ў іншых кутках планеты метэаролагі працягваюць фіксаваць рэкордныя тэмпературы. Катастрафічная сітуацыя склалася на паўднёвым усходзе Турцыі, дзе паветра распалілася да 50 градусаў паводле Цэльсія.
У выніку анамальнага падвышэння тэмпературы пачалміся шматлікія маштабныя пажары. Пра гэта паведамляе Turkiye Today.
Новы тэмпературны рэкорд
Са звестак турэцкай дзяржаўнай метэаралагічнай службы, новы тэмпературны рэкорд для кантынентальнай Еўропы быў устаноўлены 26 ліпеня. У гэты дзень у правінцыі Шырнак на паўднёвым усходзе Турцыі слупкі тэрмометраў падняліся да +50,5 градусаў паводле Цэльсія.
Гэтыя тэмпературныя паказчыкі сталі максімальнымі за ўсю гісторыю назіранняў, і перасягнулі папярэдні кантынентальны Еўрапейскі рэкорд у 48,8 градусаў Цэльсія, усталяваны на Сіцыліі (Італія) у жніўні 2021 года.
Сусветная метэаралагічная арганізацыя афіцыйна пацвердзіла італьянскі рэкорд у студзені 2024 года пасля вычарпальнага працэсу ацэнкі, які ўключаў незалежны аналіз і каліброўку сіцылійскага датчыка, а таксама звязанага з ім рэгістратара звестак і сонечнага экрана.
Тэмпература +40 ўжо не здзіўляе
Паводле звестак метэаролагаў, у апошнія дні тэмпература перавысіла 40 градусаў Цэльсія ў 31 правінцыі Турцыі. Замеры праводзіліся ў цені на вышыні 2 метраў над узроўнем зямлі. Дзяржаўная метэаралагічная служба Турцыі паведаміла, што па ўсёй краіне тэмпература на 6-12 градусаў вышэйшая за сярэднесезонныя значэнні.
Геаграфічнае становішча Турцыі, якое ахоплівае як Еўропу, так і Азію, робіць гэтую тэмпературу значнай для еўрапейскіх кліматычных звестак, паколькі краіна ўваходзіць у Еўрапейскі рэгіён. Паколькі рэгіён уключае часткі Азіі, уключаючы Ізраіль, Турцыю і Сірыю, а таксама Грэнландыю, метэаролагі класіфікуюць экстрэмальныя з'явы, зарэгістраваныя як для ўсяго рэгіёну, так і для кантынентальнай Еўропы.
Маштабныя пажары
У перыяд з 25д 27 ліпеня 2025 года некалькі рэгіёнаў Турцыі сутыкнуліся з маштабнымі ляснымі пажарамі, выкліканымі высокімі тэмпературамі і сухім надвор'ем. Паведамленні аб узгараннях паступалі з правінцый на паўднёвым і заходнім узбярэжжы, папулярных сярод турыстаў.
Мясцовыя ўлады і выратавальныя службы робяць усе намаганні для лакалізацыі і тушэння асяродкаў узгарання. Задзейнічана авіяцыя, пажарныя разлікі працуюць на зямлі. Праводзіцца эвакуацыя жыхароў з зон, непасрэдна прылеглых да пажараў, а таксама прымаюцца меры для гарантавання бяспекі адпачывальнікаў.
Са звестак турэцкіх экстранных службаў, усяго за некалькі дзён пажары знішчылі блізу 80 тысяч гектараў лесу. Ахвярамі стыхійнага бедства лічацца 13 чалавек, блізу 50 тысяч людзей вымушаныя былі пакінуць свае дамы.