Навукоўцы: Сонечныя батарэі могуць працаваць зусім па-новаму
32- 26.07.2025, 14:24
- 5,424
Гарады стануць назапашвальнікамі энэргіі.
Пры разумным выкарыстанні новых тэхналогій сучасныя гарады ператворацца са спажыўцоў электраэнэргіі ў гіганцкія «гнуткія» батарэі.
Людзі змогуць атрымаць доступ да 46 квт/г назапашанай энэргіі, што эквівалентна валоданню 3-4 батарэямі Tesla Powerwall, піша interestingengineering.com са спасылкай на даследаванне аўстралійскіх навукоўцаў.
Тыя правялі сваё даследаванне на прыкладзе горада Канбера. Навукоўцы падлічылі, што ў цалкам электрыфікаваным горадзе кожны жыхар зможа спажываць колькасць энэргіі, эквівалентную некалькім хатнім акумулятарам. Такім чынам, гарадская інфраструктура сама можа стаць прыладай для забеспячэння стабільнасці сеткі.
Паводле словаў навукоўцаў, перанос усяго толькі паловы нагрузкі на няпікавыя гадзіны дазволіць удвая знізіць рост пікавага попыту. А гэта, у сваю чаргу, не толькі дапамагае знізіць нагрузку на інфраструктуру, але і больш эфектыўна выкарыстоўваць сонечныя батарэі, назапашваючы энэргію для пакрыцця вечаровага пікавага попыту.
Новы патэнцыял сонечных панэляў
Варта адзначыць, што сонечная энэргія ўжо вельмі папулярная ў Аўстраліі. Напрыклад, Аўстралійская сталічная тэрыторыя (якая ўключае Канберу) ставіць задачу да 2045 года дабіцца нулявых выкідаў парніковых газаў.
Да таго ж тут зафіксаваны адзін з самых высокіх паказнікаў устаноўкі сонечных батарэй на дахах будынкаў у свеце (455 МВт на сакавік 2025 года).
Адной з галоўных прычынаў вялікай колькасці выкідаў парніковых газаў з'яўляюцца транспарт і ацяпленне. Таму так важна перайсці на «чыстую» энэргію, а правільнае пераразмеркаванне пікавай нагрузкі дапаможа больш эфектыўна задзейнічаць сонечную і ветравую энэргію.
Навукоўцы кажуць, што даволі проста перасунуць час зарадкі электрамабіля і нагрэву гарачай вады – і на няпікавыя перыяды перамесціцца блізу пяці квт/г.
Але тут важна кантраляваць працэс – інакш замест эканоміі можна, наадварот, атрымаць павелічэнне пікавага попыту амаль на траціну.