ЗША абвінавачваюць Кітай у падтрымцы войска РФ
3- 26.07.2025, 12:25
- 3,604
У Радзе Бяспекі ААН адбылася жорсткая спрэчка.
ЗША абвінавацілі Кітай у падтрымцы вайны РФ. У Радзе Бяспекі ААН адбылася жорсткая спрэчка, паведамляе Reuters.
Вашынгтон заявіў, што Пекін павінен спыніць пастаўкі тавараў падвойнага прызначэння, якія ўмацоўваюць расейскае войска.
Падчас пасяджэння Рады Бяспекі ААН прадстаўніца ЗША Дораці Шы наўпрост абвінаваціла Кітай у спрыянні агрэсіі Расеі супраць Украіны.
Паводле ейных словаў, кітайскія кампаненты рэгулярна выяўляюць у беспілотніках, узбраенні і тэхніцы, якую РФ выкарыстоўвае для нападаў.
Вашынгтон заклікаў Пекін спыніць экспарт тавараў падвойнага прызначэння, якія трапляюць у расейскі ВПК і дазваляюць Крамлю падтрымліваць высокі тэмп удараў па ўкраінскай інфраструктуры.
У адказ прадстаўнік Кітая Гэн Шуан заявіў, што ягоная краіна не з'яўляецца бокам канфлікту і ніколі не пастаўляла смяротную зброю.
Ён заклікаў ЗША спыніць правакаваць канфрантацыю і замест гэтага «спрыяць спыненню агню і дыялогу».
На гэтым фоне агенцтва Reuters апублікавала расследаванне пра схемы дастаўкі кітайскіх рухавікоў у Расею праз фіктыўныя фірмы.
Паводле звестак журналістаў, рухавікі маскуюць пад «прамысловыя халадзільныя ўстаноўкі», каб абысці заходнія санкцыі.