Валер Карбалевіч: Лукашэнка баіцца змовы сілавікоў
6- 26.07.2025, 10:59
- 11,174
Сітуацыя вельмі небяспечная для дыктатара.
У калегію КДБ увялі намесніка дзяржсакратара Рады бяспекі. Хто гэта, невядома. Але гэта і ўсё роўна, адзначыў у каментары «Белсату» палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Валер Карбалевіч. Важна, што ўзмацняецца кантроль над КДБ.
Аляксандр Лукашэнка падпісаў 23 ліпеня ўказ са змяненнем пераліку тых, хто ўваходзіць у калегію пры Камітэце дзяржаўнай бяспекі. Указ афіцыйна апублікавалі 25 ліпеня. У склад калегіі ўвялі намесніка дзяржаўнага сакратара Рады бяспекі, які курыруе пытанні органаў дзяржбяспекі.
Каго менавіта ўключылі? У адкрытых крыніцах не атрымалася знайсці спіс намеснікаў дзяржаўнага сакратара Рады бяспекі.
Магчыма, гэта Аляксандр Невяроўскі? Нядаўна ў дзяржаўных навінах яго згадвалі як намесніка дзяржаўнага сакратара Рады бяспекі, і ён якраз былы працаўнік КДБ.
Не так важна, хто гэта, мяркуе Валерый Карбалевіч. Пытанне не ў прозвішчы, а ў прынцыпе: у калегію КДБ увялі не канкрэтнага чалавека, а пасаду, чалавек на якой можа мяняцца.
«Я разумею гэта як узмацненне кантролю за КДБ з боку такога каардынацыйнага органа, як Рада бяспекі, – кажа Карбалевіч. – У Беларусі кіраўнікі ўсіх сілавых структураў падпарадкоўваюцца Лукашэнку, наўпрост ім прызначаюцца. А тут мы бачым такую спробу развілкі».
«Рада бяспекі – гэта структура, якая каардынуе дзейнасць іншых структураў. Вось для таго каб гэтую каардынацыю ўзмацніць, у КДБ прызначылі чалавека, які будзе назіраць. Чалавека крыху збоку, які падпарадкоўваецца іншаму кіраўніку, але будзе сачыць за працай Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Вось такі падвоены-патроены кантроль дзеля таго, каб сілавыя структуры не маглі выйсці з-пад кантролю».
Карбалевіч адзначае, што ў Беларусі ёсць два органы пад назвай «Рада бяспекі». Адзін – гэта той палітычны орган, які атрымае ўладу ў выпадку забойства Лукашэнкі, у яго ўваходзяць кіраўнікі ўсіх сілавых структураў, прэм'ер-міністр і шэраг міністраў, кіраўнікі палатаў парламента. Другі – тэхнічны орган, якім кіруе цяпер Аляксандр Вальфовіч. Гэты другі орган спрабуе каардынаваць працу сілавых структураў у аператыўным рэжыме. Вышэй гаворка пра другі орган: сябрам Калегіі КДБ будзе намеснік Вальфовіча.
Калегія КДБ – не эксклюзіўная з'ява для КДБ, гэта калектыўны дарадчы орган пры кіраўніку камітэта, прадаўжае Карбалевіч. У кожным міністэрстве ёсць свая калегія, КДБ – не выключэнне. Звычайна калегія складаецца з кіраўніка, намесніка і кіраўнікоў дэпартаментаў ці ўправаў.
Няўжо Лукашэнка баіцца, што пачнуцца «войны» паміж сілавымі структурамі? Ці можа цяпер пачацца барацьба паміж, напрыклад КДБ і Следчым камітэтам?
Канфлікты паміж установамі – якраз нармальная з'ява для любой структуры, адказвае Карбалевіч. Бывалі канфлікты, напрыклад, паміж міліцыяй і КДБ, калі тыя адно аднаго праслухоўвалі і арыштоўвалі.
«Канфлікты ўстановаў толькі на руку Лукашэнку, – мяркуе Карбалевіч. – Для развязання праблемаў яны ідуць да каго? Хто галоўны арбітр, хто галоўны суддзя? Гэта сам Лукашэнка! Для яго гэтая сітуацыя добрая. Дрэнная – калі сілавікі пачнуць аб'ядноўвацца, пачнуць групавацца».
«Вось гэтая сітуацыя вельмі небяспечная для аўтарытарнага кіраўніка ў такой недэмакратычнай сістэме. Таму менавіта Лукашэнка стварае такі кантроль, калі адны ўстановы сочаць за іншымі і потым прыносяць кампрамат адна на другую. Вось гэта ідэальная сістэма для аўтарытарнага кіраўніка!»