Кіраўнік МЗС Турцыі: Украіна і Расея дамовіліся пра сустрэчу Зяленскага з Пуціным
12- 26.07.2025, 10:23
- 7,228
На турэцкай тэрыторыі.
Міністр замежных справаў Турцыі Хакан Фідан заявіў, што Украіна і Расея ў цэлым дамовіліся наконт правядзення сустрэчы Уладзіміра Зяленскага і Уладзіміра Пуціна на турэцкай тэрыторыі. У інтэрв'ю тэлеканалу NTV ён адзначыў, што дамоўленасць абмяркоўвалася ў рамках трэцяга раўнду перамоваў у Стамбуле, які адбыўся напярэдадні. «У прынцыпе была дасягнутая дамоўленасць наконт правядзення саміту лідараў (Украіны і Расеі. – ТМТ) у Турцыі. Тут важную ролю маюць перамоўныя дэлегацыі», – сказаў Фідан. Паводле ягоных словаў, бакі праяўляюць імкненне да пошуку кампрамісу, і пры захаванні цяперашняй дынамікі магчымае «дасягненне прамежкавай пастановы».
Кіраўнік МЗС падкрэсліў, што вайна Расеі супраць Украіны выклікала сур'ёзныя наступствы не толькі для рэгіёну, але і для ўсяго свету. «Гэта гуманітарная катастрофа – разбураныя цэлыя гарады. У той самы час мы маем справу з канфліктам, здольным перарасці ў шырэйшую вайну і паглыбіць міжнародныя расколы. Гэта вельмі цяжкая і дарагая вайна, у якой задзейнічана ўсё, акрамя ядзернай зброі», – дадаў ён.
23 ліпеня ў Стамбуле прайшоў трэці раўнд мірных перамоваў паміж Расеяй і Украінай. Сустрэча доўжылася блізу 40 хвілінаў і не прынесла адчувальных вынікаў. Адзінай пастановай стала згода прадоўжыць абмен палоннымі. Кіеў выступаў за правядзенне асабістай сустрэчы Зяленскага і Пуціна да канца жніўня, аднак расейскі бок заявіў, што такі саміт магчымы толькі пасля таго, як «будзе падрыхтаванае мірнае пагадненне».