19 снежня 2025, Пятніца, 18:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Расейскі рубель будзе абясцэньвацца, і беларускі на 80% паўторыць яго траекторыю»

5
«Расейскі рубель будзе абясцэньвацца, і беларускі на 80% паўторыць яго траекторыю»

Змяншэнне нафтагазавых прыбыткаў стане шокам для РФ.

Эканаміст Дзмітрый Крук у каментары «Філіну» – пра тое, якія валюты будуць абясцэньвацца, а якія ўмацоўвацца.

Эксперт мяркуе, што ў перспектыве расейскі рубель, а за ім і беларускі, будуць абясцэньвацца, і тлумачыць прычыны.

– Абменны курс, які цяпер склаўся ў Расеі, па ўсіх характарыстыках не адпавядае раўнаважкаму. Расейскі рубель відавочна пераацэнены.

Прычыны я назваў вышэй: высокая стаўка, паніжаны попыт на імпарт і адміністрацыйна замацаваная прапанова валюты. Аднак сітуацыя будзе паступова мяняцца.

І на гэта ёсць шэраг прычынаў. Першая – у Расеі зніжаецца прафіцыт гандлёвага балансу і паступова памяншаецца прыток валюты. Ён яшчэ па-ранейшаму ў плюсе, але гэты раўчук патроху ўсыхае.

Другое – для выканання іх бюджэту занадта моцны рубель – таксама праблема. Рублёвы эквівалент валютнай выручкі атрымліваецца меншым, іх бюджэт не дабірае прыбыткаў і, адпаведна, узнікае дэфіцыт, які пакрываюць распродажам валютных запасаў. Сітуацыя не вельмі прымальная.

Ну, і трэці момант: літаральна сёння другі раз панізілі стаўку рэфінансавання, гэтым разам апусціўшы яе з 20 да 18%.

Пасля доўгага перыяду ўзмацнення жорсткасці манетарнай палітыкі вектар пачынае змяняцца ў іншы бок, у бок яе паслаблення. Адбывацца яно будзе не хутка, не імгненна, гэта працэс на месяцы, кварталы. Але імпульс зададзены.

Таму ў другім паўгоддзі я чакаю паступовае абясцэненне расейскага рубля з больш яскравай яго візуалізацыяй у 2026 годзе.

Зразумела, у любы момант можа адбыцца і істотны скачок, як, напрыклад, восенню летась. Гэта можа быць звязана з санкцыйным уздзеяннем, а нядаўна, нагадаю, быў прыняты чарговы 18-ы пакет, які накіраваны на тое, каб біць па нафтагазавай выручцы Расеі.

Памяншэнне нафтагазавых прыбыткаў можа стаць шокам і зноў падштурхнуць расейскія кампаніі да спробаў не даводзіць сваю выручку да Расеі, не ўвозіць яе ў краіну, а захоўваць на замежных рахунках. У такім выпадку валюты, абавязковай да продажу, можа быць недастаткова.

Ну, і агульны разварот накіраванасці эканомікі, калі яны могуць ізноў уключаць нейкія стымулявальныя механізмы, што зменіць попыт на імпарт.

Таму, падкрэслю, расейскі рубель пасля гэтага перыяду залішняга ўмацавання будзе абясцэньвацца. І беларускі практычна на 80% паўторыць яго траекторыю.

Даляр, на думку Крука, будзе ўмацоўвацца не толькі ў дачыненні да беларускага і расейскага рубля. Эксперт не выключае ўмацавання даляра і да іншых сусветных валютаў.

– На сусветным рынку даляр цяпер аслабеў. Аднак на беларускі і расейскі рублі гэта мае толькі фонавы ўплыў.

Я не стаў бы сцвярджаць, што даляр і надалей будзе абясцэньвацца. Таму, што ён абясцэніўся за апошнія паўгода ў адносінах да еўра і іншых валютаў, ёсць тлумачэнне.

У першую чаргу гэта мэтанакіраваная палітыка Адміністрацыі Трампа, сярод пастулатаў якой гучыць і «стратэгічнае абясцэненне даляра». І нешта ў гэтым кірунку ім удалося зрабіць.

Аднак думаю, што многія інстытуцыйныя асновы амерыканскай эканомікі будуць супраціўляцца і спрабаваць адгуляць сітуацыю ў іншы бок.

Таму прагноз, што даляр умацуецца і ў тым ліку верне свае пазіцыі цалкам або часткова да таго ж да еўра і іншых сусветных валютаў, – гэта зусім не фантастычны сцэнар на найбліжэйшыя паўгода-год, не кажучы ўжо пра больш доўгі час.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках