ЗША разарвалі перамовы з ХАМАС у Досе
- 24.07.2025, 21:12
- 4,362
Ізраіль таксама адклікаў сваю перамоўную групу для кансультацый.
Амерыканская дэлегацыя на перамовах аб спыненні агню ў сектары Газа вяртаецца з Катара ў ЗША пасля адказу ХАМАС на апошнюю прапанову аб перамір'і, заявіў пасланнік амерыканскага прэзідэнта Стыў Уіткаф, ягоныя словы прыводзіць CNN.
Паводле ягоных словаў, адказ ХАМАС «яўна дэманструе адсутнасць жадання дасягнуць спынення агню ў Газе». Вашынгтон цяпер мае намер разгледзець «альтэрнатыўныя варыянты вяртання закладнікаў дадому і паспрабуе стварыць больш стабільную абстаноўку для жыхароў Газы», сказаў Уіткаф. Каманда ЗША адкліканая з Дохі «для кансультацый», дадаў ён.
«Ганьба, што ХАМАС дзейнічаў гэтак эгаістычна. Мы поўныя намеру пакласці канец гэтаму канфлікту і дамагчыся сталага міру ў Газе», – заявіў пасланнік.
Ізраіль таксама адклікаў сваю перамоўную групу для кансультацый. Аднак, як паведамляе CNN са спасылкай на ізраільскую крыніцу, гэтая пастанова не з'яўляецца прыкметай крызісу на перамовах. Паводле словаў суразмоўцы, ізраільская дэлегацыя была вернутая для «прыняцця пастановы датычна стану перамоваў».