19 снежня 2025, Пятніца, 22:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларус быў на борце самалёта ў Расеі, які разбіўся

7
Беларус быў на борце самалёта ў Расеі, які разбіўся

Ён не выжыў.

Раніцай 24 ліпеня ў Амурскай вобласці Расеі разбіўся пасажырскі самалёт АН-24. На яго борце было 43 пасажыры і шэсць чальцоў экіпажу. Ніхто з іх не выжыў. Як стала вядома «Люстэрку», сярод пасажыраў быў і беларус Дзяніс Казенка. У яго засталася маленькая дачка.

Імя «Дзяніс» «Люстэрка» заўважыла ў спісе загінулых пасажыраў, які апублікаваў расейскі тэлеграм-канал «Інфа 24». Пазней ён з'явіўся і ў спісах іншых расейскіх СМІ ўжо з прозвішчам. «Дзяніс Казёнка 21 сакавіка 1995 года нараджэння» – так загінулы значыўся ў спісах.

Крыніца «Люстэрка» пацвердзіла, што Дзяніс Казенка беларус. На яго закрытай старонцы ў «УКантакце» значылася, што ён родам з горада Паставы Віцебскай вобласці. Мы адшукалі профіль мужчыны ў Instagram. Там пазначана, што ён – супрацоўнік беларускай кампаніі «Інаватэк». Яна займаецца інавацыйнымі тэхналогіямі ў сферы лясной гаспадаркі. Дзяніс быў інжынерам шэф-мантажу ЗКС-цэнтраў. Гэта комплексы, у якіх вырошчваюць саджанцы для лясоў.

ДЗЯНІС КАЗЕНКА НА ПРАЦЕ Ў ЦЯПЛІЦЫ, ЯКІЯ ЎСТАНАЎЛІВАЕ ЯГО КАМПАНІЯ. 3 ЛІПЕНЯ 2024 ГОДА. ФОТА: СТАРОНКА БЕЛАРУСА Ў INSTAGRAM

«Аднаўляю сібірскі і далекаўсходні лес», – напісаў мужчына ў профілі. Паводле звестак «Люстэрка», 24 ліпеня мужчына знаходзіўся ў Хабараўску ў камандзіроўцы.

– Ён ужо звольніўся. Але ўпрасіўся ў апошнюю камандзіроўку паводле дамовы падраду, – кажа наша крыніца.

Дзяніс жыў у Менску з жонкай і маленькай дачкой, якой не так даўно споўнілася дзесяць месяцаў.

Між тым, паводле нашай інфармацыі, на борце быў і калега Дзяніса. Крыніца кажа, што ён, верагодна, таксама грамадзянін Беларусі. Аднак пацвердзіць гэтую інфармацыю нам пакуль не ўдалося.

«Люстэрка» паспрабавала высветліць, ці ёсць іншыя беларусы сярод загінулых, у амбасадзе нашай краіны ў Расеі, але датэлефанавацца да іх не атрымалася. Не змаглі нічога растлумачыць ні ў прэс-службе МНС Хабараўска, ні на гарачай лініі для родных загінулых.

Нагадаем, раніцай 24 ліпеня з'явілася інфармацыя пра знікненне з радараў расейскага пасажырскага самалёта Ан-24, які рухаўся па маршруце Хабараўск – Благавешчанск – Тында. Самалёт спрабаваў прызямліцца, але яму замінала непагадзь. Паветраны карабель заходзіў на другое кола для пасадкі, але рэзка знік з радараў. Пазней яго абломкі знайшоў гелікаптэр Расавіяцыі. На борце Ан-24 знаходзіліся 49 чалавек, з іх пяць – дзеці, і шэсць – чальцы экіпажу. Ніхто з пасажыраў і экіпажу не выжыў.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках