Расея збірае да 60 тысячаў вайскоўцаў у Сумскую вобласць
1- 24.07.2025, 20:24
- 5,146
Акупанты спрабуюць кожны дзень штурмаваць пазіцыі УСУ.
Расейскае войска засяродзіла ад 50 тыс. да 60 тыс. вайскоўцаў на адным з кірункаў Сумскай вобласці. Пра гэта паведаміў 24 ліпеня ў эфіры тэлемарафону, які транслюецца тэлеканалам «Мы – Украіна», кіраўнік прэс-службы 15-га мабільнага памежнага атраду «Сталёвы кардон» Іван Шаўцоў.
Паводле ягоных словаў, актыўныя баявыя дзеянні цяпер вядуцца ў раёнах Хоцінскай і Юнакоўскай супольнасцяў. Там акупанты спрабуюць кожны дзень штурмаваць пазіцыі УСУ.
«Сумшчыну трэба падзяліць на дзве часткі. Адна – дзе цяпер ідуць актыўныя баявыя дзеянні. Гэта раён Хоцінскай і Юнакоўскай супольнасцяў. Менавіта там вораг праводзіць увесь час свае штурмавыя дзеянні. Менавіта на гэтым кірунку назбіраў найбольшую колькасць асабовага складу – блізу 50–60 тыс.», – адзначыў Шаўцоў.
Спікер сказаў, што на іншым адрэзку на дзяржаўнай мяжы з РФ вораг штурмавых дзеянняў не праводзіць. Аднак прадаўжае сталыя абстрэлы, выкарыстоўваючы артылерыю, авіяцыю, дроны.
У зводцы Генеральнага штабу УСУ на 16.00 24 ліпеня гаворыцца, што з пачатку дня абстрэлы з тэрыторыі РФ зазналі памежныя населеныя пункты: Тур'я, Пакроўка, Каранёк, Новая Гута, Волкаўка, Петрушоўка Сумскай вобласці.
На паўночна-слабажанскім і курскім кірунках сілы абароны з пачатку дня адбілі 14 наступальных дзеянняў, яшчэ чатыры баявыя сутыкненні прадаўжаюцца да гэтага часу. Таксама акупанты нанеслі шэсць авіяцыйных удараў, ужыўшы пры гэтым сем кіраваных авіяцыйных бомбаў. Учынілі 180 абстрэлаў, пяць з якіх – з рэактыўных сістэмаў залпавага агню, удакладнілі ў Генштабе.