У падаткаплацельшчыкаў узялі сотні мільёнаў, каб падтрымаць сельскую гаспадарку
4- 24.07.2025, 19:49
- 6,718
Якія будуць наступствы для гаманцоў беларусаў.
Улады ўжо даўно выкарыстоўваюць складаную схему падтрымкі сельгаспрадпрыемстваў - але нядаўна ўказам Лукашэнкі прафінансавалі даволі незвычайны інструмент такой дапамогі. Грошы падаткаплацельшчыкаў праз пасярэднікаў у выглядзе банкаў і выканкамаў ідуць на рахункі СВК, каб тыя маглі закупіць хаця б угнаенні і тэхніку. Кіраўнік праектаў «Кошт урада» і «Зручны горад», эканаміст Уладзімір Кавалкін расказаў «Зеркалу», чаму гэтая схема поўная заган і як гэта адбіваецца на беларусах.
Як працуе схема дзяржпадтрымкі
Урад распараджаецца выдзеліць з бюджэту (гэта значыць са сродкаў, сабраных з грамадзян) грошы для дзяржаўных банкаў. Яны на гэтыя сродкі даюць ільготныя крэдыты дзяржпрадпрыемствам - у першую чаргу з галіны сельскай гаспадаркі, - а таксама набываюць аблігацыі ў мясцовых выканкамаў. Апошнія таксама потым трацяць атрыманыя такім чынам ад банкаў фінансы на падтрымку аграпрамысловага комплексу.
Напрыклад, у ліпені "Белаграпрамбанк" паводле ўказа Аляксандра Лукашэнкі атрымаў з бюджэту 260 млн. рублёў. Цяпер ён павінен будзе выдаваць аграпрадпрыемствам ільготныя крэдыты пад 3% гадавых тэрмінам да года на агульную суму прыкладна ў 108 млн рублёў. Гэтыя крэдыты ў пойдуць на набыццё ўгнаенняў. Астатнія 152 млн рублёў накіруюць на набыццё аблігацый аблвыканкамаў, таксама пад 3% гадавых. Атрыманыя грошы мясцовыя ўлады таксама будуць накіроўваць на набыццё ўгнаенняў для сельскай гаспадаркі і "фінансаванне закупаў тэхнікі і абсталявання для неплацежаздольных суб'ектаў аграпрамысловага комплексу".
Уся гэтая доўгая схема патрэбная, каб перанакіраваць бюджэтныя грошы ў стратныя сельгаспрадпрыемствы, каб яны змаглі і надалей выпускаць сваю прадукцыю.
- Атрымліваецца завуаліраваны кругазварот грошай, калі, з аднаго боку, быццам вы наўпрост не даяце субсідыю калгасу і па паперах гэта праходзіць як інвестыцыя ў актыў. З іншага боку, калгас усё роўна атрымлівае падтрымку, - кажа эканаміст Уладзімір Кавалкін.
Чаму сельскай гаспадарцы ўвесь час патрэбна падтрымка і навошта прыдумалі гэтую складаную схему
Сельская гаспадарка заўсёды была датацыйнай, гэта значыць улады з году ў год перанакіроўваюць туды з бюджэту вялікія сумы.
- Асноўная прычына заключаецца ў тым, што многія [дзяржаўныя] сельгаспрадпрыемствы хранічна стратныя, і яны вельмі закрэдытаваны, - тлумачыць Уладзімір Кавалкін.
Частка арганізацый знаходзіцца ў складаным фінансавым стане пастаянна і не можа не тое што расплачвацца па пазыках, але нават часам своечасова плаціць заробкі.
- У іх няма ні актываў, ні выручкі для таго, каб вярнуць гэтыя пазыкі. І каб яны працягвалі сваю дзейнасць, ім трэба дапамагаць, - кажа эканаміст і нагадвае, што раней агракомплексу проста давалі з казны або даравалі пазыкі.
Аднак у сярэдзіне 2010-х улады пачалі трансфармаваць сістэму дзяржпадтрымкі,бо тады была спроба перавесці эканоміку на рынкавыя адносіны, а міжнародныя фінансавыя структуры настойвалі на скарачэнні датацый у стратныя дзяржпрадпрыемствы.
Такая падтрымка дорага абыходзіцца падаткаплацельшчыкам
Сродкі для сельгаспрадпрыемстваў, як бачна вышэй, усё роўна выдзяляюць з бюджэту, гэта значыць развязанне іх фінансавых праблем улады перакладаюць на плечы падаткаплацельшчыкаў (нагадаем, больш за 85% прабытку бюджэту Беларусі — гэта падаткі).
- Уліванні ў гэтую бяздонную прорву фінансавай неэфектыўнасці беларускай сельскай гаспадаркі раней былі больш зразумелыя, таму што ішлі з бюджэту, і было бачна, колькі на гэта трацяць грошай. А зараз усё завуалявана праз стварэнне псеўдаактываў. З пункту гледжання эканамічнай палітыкі мы як быццам не спальваем грошы марна, а інвестуем у актывы. Але гэта намаляваныя актывы, за імі нічога няма.
Аналітык падкрэслівае, што такая дзяржпадтрымка толькі выглядае як інвестыцыі. Але гэтыя сродкі, хутчэй за ўсё, не будуць вернутыя. Значыць, грошай не далічацца ні банкі, ні бюджэт.
У выпадку дзяржказны гэта будзе весці альбо да росту дзяржаўнага доўгу, альбо да павелічэння падаткаў, альбо да памяншэння укладанняў ў сацыяльныя праграмы, кажа эканаміст. Іншымі словамі, менш грошай атрымаюць адукацыя і ахова здароўя. У дзяржавы ў гэтым выпадку застаецца менш магчымасцяў, напрыклад, для павышэння заробкаў бюджэтнікаў, інвестыцый у інфраструктуру - тыя ж дарогі.
Але Уладзімір Кавалкін не бачыць у гэтай схеме рызыкаў для банкаў. Нават калі ў іх будуць праблемы з прычыны неплацяжоў, ім самім таксама дапаможа ўрад за кошт падаткаплацельшчыкаў.
Што з усім гэтым не так?
“Затое гародніна і мяса ў крамах будуць танныя”, - так можна было б падумаць, прачытаўшы доўгія тлумачэнні наконт падтрымкі сельскай гаспадаркі. Але, першае, як бачна ў сітуацыі з цэнамі на сельгаспрадукцыю ў апошнія месяцы, гэта не заўсёды так. Другое, кіраванне коштамі і савецкія падыходы да падтрымкі гэтай галіны (безумоўна, важнай для харчовай бяспекі краіны) і спарадзілі кругазварот фінансавых праблем агракомплексу, адзначае аналітык.
Дзяржава спачатку ўстанаўлівае заніжаныя закупачныя цэны на прадукцыю сельгаспрадпрыемстваў, у выніку чаго гаспадаркі не зарабляюць дастаткова, каб забяспечыць сваё існаванне і акупіць вытворчасць. У выніку яны становяцца стратнымі. А потым сама ж дзяржава бярэцца іх ратаваць за кошт бюджэту і больш эфэктыўнага бізнэсу. Але структурныя праблемы сельскай гаспадаркі не вырашаюцца - і з году ў год туды даводзіцца ўліваць вялікія сумы, каб галіна магла забяспечваць беларусаў прадуктамі.
- Гэта павінен быць бізнэс - не важна каму належыць аграрнае прадпрыемства, - адзначае Уладзімір Кавалкін.