У Берасцейкай вобласці згарэў адзін са старэйшых храмаў рэгіёну
13- 24.07.2025, 18:27
- 9,204
Унікальны твор народнай архітэктуры Палесся знішчаны поўнасцю.
У аграгарадку Сцяпанкі Жабінкаўскага раёна Берасцейкай вобласці цалкам згарэла царква Святога Арханёла Міхаіла. Гэта была адна з найстарэйшых драўляных цэркваў рэгіёну, пабудаваная ў 1780 годзе, піша Telegram-канал «Жабінка | афіцыйна».
Пажар адбыўся днём у чацвер, 24 ліпеня. У ліквідацыі ўзгарання бралі ўдзел падраздзяленні МНС з некалькіх раёнаў і Берасце. Пацярпелых няма.
Ратавальнікі сумесна з мясцовымі жыхарамі эвакуяавалі матэрыяльныя каштоўнасці з храма. У царкве захоўвалася некалькі старажытных абразоў, датаваных XVIII і XIX стагоддзямі.
Прычыны пажару высвятляюцца, праваахоўныя органы праводзяць праверку.
Царква Святога Міхала Арханёла - гісторыка-культурны аб'ект Беларусі і значны элемент культурнай памяці для рэгіёна. Храм быў рэканструяваны ў 1858 годзе. Гэта помнік драўлянага дойлідства другой катэгорыі.