Расейскі рубель падаце пасля перамоваў у Стамбуле
8- 24.07.2025, 17:22
- 9,892
Інвестары скупляюць валюту.
Рубель прыкметна патаннеў на Маскоўскай біржы і форэксе пасля заканчэння расейска-ўкраінскіх перамоваў у Стамбуле, якія зноў не наблізілі перамір'е на фронце, піша The Moscow Times.
Біржавы курс юаня ў першыя тры гадзіны таргоў чацвярга падскочыў амаль на 2%, да 11,1485 рубля - максімуму з канца траўня, перш чым адкаціцца да адзнакі 11,04 рубля а 16,39 паводле Менску.
Курс даляра на пазабіржавым рынку ўпершыню за тры тыдні падняўся вышэй за 79 рублёў і дасягаў адзнакі 79,55 (1,5%). Еўра даражэў да 93,5 рубля - самага высокага значэння за апошнія 11 тыдняў.
"Біржавыя гульцы расчараваныя фармальным характарам раунда расейска-ўкраінскіх перамоваў у Стамбуле, якія адбыліся напярэдадні", — канстатуе Наталля Мільчакова, вядучы аналітык Freedom Finance Global. Трэцяя сустрэча дэлегацый Масквы і Кіева сталася карацейшай за ўсе папярэднія: яна доўжылася толькі 40 хвілін, і паводле яе вынікаў бакі дамовіліся толькі працягваць абмены палоннымі і целамі забітых, а таксама сфармаваць рабочыя групы ў анлайн-фармаце. Украіна настойвала на саміце Пуціна і Уладзіміра Зяленскага, але Крэмль ад імя Дзмітрыя Пяскова паведаміў, што да гэтага яшчэ далёка.
"Размова пра сустрэчы на вышэйшым узроўні можа весціся толькі пасля таго, як будзе праведзена прадметная работа", - сказаў ён у чацвер.
"Засмуціўся" і фондавы рынак, адзначае Мільчакова: індэкс Масбіржы, які трымае паперы чатырох дзясяткаў найбуйнейшых расейскіх кампаній, зніжаецца на 1%, губляючы 60 млрд. рублёў у пераліку на капіталізацыю. "Газпром" патаннеў на 1,2%, Ашчад - на 0,94%.
На акцыі, тлумачыць Мільчакова, ціснуць слабыя вынікі найбуйнейшых расейскіх кампаній, якія пакутуюць ад высокіх ставак і запаволення эканомікі. А на рубель - скарачэнне экспартнага прыбытку,адзначае інвестбанкір Яўген Коган.
У траўні, нагадвае ён, кошты на расейскі экспарт былі мінімальныя: нафта Urals прадавалі танней за $50 за бараль. "Утаргаваныя грошы прыходзяць з затрымкай, што будзе праяўляцца цяпер", – тлумачыць Коган.
Інвестары прадаюць рублі, скупляюць валюту і разлічваюць на тое, што ЦБ РФ рэзка панізіць ключавую стаўкі - з 20% да 18% ужо ў гэтую пятніцу, пішуць аналітыкі ПСБ. Паводле іхнага прагнозу, да канца года рубель можа аслабець амаль на 10%, да 12 рублёў за юань.