19 снежня 2025, Пятніца, 22:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусаў актыўна атакуюць кляшчы

Беларусаў актыўна атакуюць кляшчы

Сёлета кусаюць часцей амаль на 11%.

За студзень-чэрвень гэтага года па дапамогу да лекараў праз укусы кляшчоў звярнуліся ўжо больш за 16 тысяч жыхароў Беларусі. Гэта больш, чым за той жа перыяд 2024-га, паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя.

За шэсць месяцаў 2025-га ў медычныя ўстановы звярнуліся больш за 16 тысяч чалавек «з нагоды прысмоктвання кляшчоў», адзначылі ў Міністэрстве аховы здароўя. І гэта на 10,8% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.

Найбольшая колькасць пацярпелых ад нападу членістаногіх адзначана ў Гарадзенскай і Берасцейскай абласцях, а таксама Менску, найменшая — у Менскай і Віцебскай абласцях.

Больш за 70% укусаў кляшчоў адбывалася ў лясной зоне. Радзей - на прысядзібных пляцах і ў населеных пунктах.

«Што тычыцца заражэння Лайм-барэліёзам і клешчавым вірусным энцэфалітам, то медыцынскія работнікі рэгіструюць зніжэнне — у 1,2 разы», — паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя.

Там нагадалі «антыклешчавыя» правілы:

пры наведванні лясоў і паркаў апранайце светлае аднатоннае адзенне, якое максімальна закрывае рукі і ногі;

абавязкова выкарыстоўвайце рэпеленты, у тым ліку для жывёл;

праводзіце агляды адзення і цела, у тым ліку агляды свойскіх жывёл;

піце толькі кіпячонае казінае малако (раней рэгістравалі выпадкі клешчавога энцэфаліту пасля ўжывання сырога казінага малака);

не дапускайце зарастання травой садовых пляцаў, праводзіце дэратызацыю і акарыцыдную апрацоўку надзелаў.

Як адзначаюць медыкі, найбольш эфектыўны метад абароны ад клешчавога віруснага энцэфаліту - вакцынацыя. Яна складаецца з двух прышчэпак і забяспечвае надзейную абарону на працяглы час. Для падтрымання імунітэту рэкамендуецца праводзіць рэвакцынацыю кожныя 3-5 гадоў.

У выпадку неабходнасці хуткага фармавання імуннага адказу ў кароткія тэрміны ў асобных вакцын прадугледжаная схема экстранай прафілактыкі, якая ўключае правядзенне двух прышчэпак з інтэрвалам 14 дзён.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках