Фон дэр Ляен заявіла Сі Цзіньпіну пра «пераломны момант» у дачыненнях
19- 24.07.2025, 9:53
- 19,442
ФОТА: BLOOMBERG
Трыванне скончылася.
Стасункі паміж ЕЗ і Кітаем «дасягнулі пераломнага моманту». Устойлівыя сувязі павінны быць узаемавыгаднымі.
Пра гэта заявіла кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен, паведамляе Reuters.
“Па меры паглыблення нашага супрацоўніцтва раслі і дысбалансы. Мы дасягнулі пераломнага моманту”, - сказала фон дэр Ляен старшыні КНР Сі Цзіньпіну падчас саміту ў Пекіне.
Яна мела на ўвазе дэфіцыт гандлёвага балансу ЕЗ з Кітаем, які летась вырас да гістарычных 305,8 млрд еўраў.
"Перабалансаванне нашых двухбаковых дачыненняў вельмі важнае... Кітаю і Еўропе вельмі важна прызнаць нашу ўстурбаванасць і прапанаваць рэальныя развязанні”, - дадала кіраўніца Еўракамісіі.
Падчас сустрэчы Сі Цзіньпін заклікаў ЕЗ “зрабіць правільны стратэгічны выбар" завуалявана раскрытыкаваўшы агрэсіўную пазіцыю Брусэля ў дачыненні да Кітая.
"Чым больш сур'ёзна і складанейшая міжнародная сітуацыя, тым больш Кітай і ЕЗ павінны ўмацоўваць сувязі, умацоўваць узаемны давер і паглыбляць супрацоўніцтва”, - заявіў Сі Цзіньпін фон дэр Ляен.
Камуністычны дыктатар заявіў, што "кітайскія і еўрапейскія лідары павінны... зрабіць правільны стратэгічны выбар, які адпавялае чаканням народа".
Саміт на фоне супярэчнасцяў
Гэта першая асабістая сустрэча лідараў ЕЗ і Кітая з 2023 года. Яна праходзіць ва ўмовах узмацнення супярэчнасцяў пасля кароткага перыяду магчымай разрадкі.
Тыдні перад самітам былі напоўнены гандлёвымі спрэчкамі паводле прынцыпу "вока за вока” і агрэсіўнай еўрапейскай рыторыкай, напрыклад, абвінавачваннем фон дэр Ляен ад 8 ліпеня ў тым, што Кітай залівае сусветныя рынкі праз свае залішнія магутнасці і “спрыяе развіццю вайсковай эканомікі Расеі".
Аднак незадоўга да саміту фон дэр Ляен выказалася больш дыпламатычна, заклікаўшы яго “прасунуцца наперад і аднавіць баланс дачыненняў".
Пазіцыя Кітая
Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва "Сіньхуа" заявіла, што Кітай з'яўляецца "найважнейшым партнёрам" для Еўропы, якія маюць шэраг агульных інтарэсаў.
"Кітай з'яўляецца найважнейшым партнёрам Еўропы, а не сістэмным спаборнікам”, - гаворыцца ў каментары.
У заяве гаворыцца, што абодва бакі маюць агульныя інтарэсы ў сферы гандлю, клімату і глабальнага кіравання, і дадаецца: “гэтыя вобласці судакранання не павінны засланяцца асобнымі пунктамі трэння”.
ЕЗ вызначае Кітай як "партнёра, канкурэнта і сістэмнага супраціўніка”, што вызначае яго стратэгічны падыход да палітыкі ў дачыненні да Кітая.
Чаканні ад саміту
Саміт быў скарочаны з двух дзён да аднаго на просьбу Пекіна. Ён таксама быў перанесены з Брусэля ў кітайскую сталіцу, бо Сі Цзіньпін адмовіўся ехаць у Еўропу.
Візіт супаў з 50-годдзем устанаўлення дыпламатычных дачыненняў паміж ЕЗ і КНР. Перад сустрэчай з кітайскім лідарам фон дэр Ляен і кіраўнік Еўрапейскага Звязу Антоніу Кошта правялі саміт ЕЗ-Японія ў Токіё.
Хоць супольнае камюніке не плануецца, ЕС мае намер апублікаваць заяву з ключавымі мэсэджамі. Пра гэта паведамілі крыніцы Bloomberg, знаёмыя з ходам перамоў.
Акрамя таго, стораны рыхтуюць знакавую кліматычную дэкларацыю. Яе падпішуць у Пекіне ў чацвер, з абавязацельствамі аб зніжэнні выкідаў і падачы планаў ААН да саміту COP30 ў Бразіліі.
Эскалацыя гандлёвай напружанасці
Стасункі паміж ЕЗ і Кітаем зноў азмрочаныя гандлёвымі і геапалітычнымі спрэчкамі. ЕЗ абвінавачвае Пекін у падтрымцы Масквы і ўвёў санкцыі супраць двух кітайскіх банкаў і пяці кампаній.
Таксама расце напружанне ў гандлі. У першым паўгоддзі 2025 года прафіцыт Кітая ў гандлі таварамі з ЕЗ склаў амаль 143 млрд даляраў - рэкорд за паўгоддзе.
ЕЗ увёў мыты на кітайскія электрамабілі, каб абмежаваць плынь таннага імпарту. У адказ Кітай пачаў антыдэмпінгавыя расследаванні ў дачыненні да еўрапейскага брэндзі, малочнай прадукцыі і свініны.
Прэзідэнт гандлёвай палаты ЕЗ у Кітаі Енс Эскелунд заявіў, што не варта чакаць прарыўных пагадненняў.