У Амурскай вобласці РФ знік самалёт Ан-24
6- 24.07.2025, 9:06
- 5,026
На борце знаходзіліся 49 чалавек.
Пасажырскі самалёт Ан-24 знік у Амурскай вобласці РФ, паведаміў 24 ліпеня «Інтэрфакс», спасылаючыся на экстранныя службы.
Самалёт Ан-24 накіроўваўся па маршруце Хабараўск-Благавешчанск-Тында. Са слоў суразмоўцы агенцтва, паблізу канчатковага пункту паветранае судна не прайшло кантроль. Сувязі з самалётам няма, піша «Медуза».
Са звестак тэлеграм-канала Baza, Ан-24 рыхтаваўся да пасадкі, але не змог прызямліцца з першага разу і сышоў на другое кола, пасля чаго сувязь з ім знікла. На пошукі накіравалі гелікаптэр Мі-8 і наземныя службы. Паводле інфармацыі Shot, знік борт авіякампаніі «Ангара».
На борце знаходзіліся 40 пасажыраў, у тым ліку двое дзяцей, і шэсць чальцоў экіпажа, паведаміў ТАСС, спасылаючыся на аператыўныя службы. На борце знаходзіліся 42 пасажыры.
У МНС пацвердзілі знікненне пасажырскага Ан-24 у Амурскай вобласці, на пошукі накіравалі ратавальнікаў. Са слоў кіраўніка Амурскай вобласці Васіля Арлова, паводле папярэдніх звестак, на борце самалёта знаходзіліся 43 пасажыры, з іх пяць дзяцей, і шэсць чальцоў экіпажа.