Зяленскі падпісаў указ пра аўдыт дзяржаўных выдаткаў
4- 23.07.2025, 20:49
- 2,604
Прэзідэнт Украіны чакае ад ураду канкрэтных вынікаў цягам месяца.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абвясціў, што падпісаў указ аб скарачэнні бюракратычных працэдураў і правядзенні неадкладнага аўдыту дзяржаўных выдаткаў.
Пра гэта кіраўнік украінскай дзяржавы заявіў 23 ліпеня ў вечаровым відэазвароце.
«Сёння я падпісаў указ аб скарачэнні бюракратычных працэдураў і правядзенні неадкладнага аўдыту дзяржаўных выдаткаў. Я чакаю ад ураду Украіны цягам месяца канкрэтных вынікаў, каб накіраваць максімум – максімум нашых дзяржаўных рэсурсаў на абарону Украіны, на ўстойлівасць нашай дзяржавы», – адзначыў прэзідэнт Зяленскі.
Згодна з тэкстам указа, апублікаванага на сайце Офіса прэзідэнта, кіраўнік дзяржавы даручыў Кабінету міністраў:
Прааналізаваць інстытуцыйную і функцыянальную здольнасць органаў улады ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны, а потым ужыць захады, накіраваныя на недапушчэнне дублявання паўнамоцтваў, выканання неўласцівых функцый і неэфектыўнага выкарыстання кадравых і бюджэтных рэсурсаў;
Ажыццявіць захады для дэрэгулявання эканамічных працэсаў і скасавання неэфектыўных дзяржрэгуляванняў і выключыць неабгрунтаванае ўмяшанне ў ажыццяўленне дзейнасці прадпрымальнікаў;
Удасканальваць нарматыўна-прававое рэгуляванне ўсіх гэтых пытанняў – сярод іншага падрыхтаваць спіс нарматыўна-прававых актаў Украіны, у якія неабходна ўнесці змены;
Падрыхтаваць да 1 верасня 2025 года прапановы пра захады, накіраваныя на павышэнне эфектыўнасці працы дзяржавы ва ўмовах ваеннага становішча.