20 снежня 2025, Субота, 0:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«У мяне аж мову заняло»

14
«У мяне аж мову заняло»

Менчукі спрачаюцца праз кветнікі ў цэнтры горада.

Менчукі звярнулі ўвагу на «шалёнае» афармленне кветнікаў у цэнтры горада. Абмеркаванне кветак у сацсетках вылілася ў спрэчку пра тое, як правільна азеляняць Менск. CityDog.io расказвае, што адбываецца.

Карыстальнік Threads пад мянушкай maryanakat апублікаваў допіс з фотаздымкамі кветнікаў на праспекце Пераможцаў. «А што за вар'яцкае афармленне кветнікаў у цэнтры горада? У мяне аж мову заняло. Ёсць нейкае рацыянальнае тлумачэнне?»- пацікавіўся мянчук.

За два дні публікацыя набрала больш за 600 каментароў. Большасці карыстальнікаў клумбы вельмі спадабаліся.

«Я думала, такое азеляненне дойдзе да нашых месцаў гадоў так праз 10. Як жа радасна бачыць яго ўжо!»- піша nataliya.mazylyuk.

«Гэта вельмі прыгожа, сучасна, экалагічна. Гарадское азеляненне шматгадовымі раслінамі. Ускосна, можа быць сімптомам змяншэння карупцыі, таму што бюджэты іншыя, чым кожныя пару месяцаў мяняць на новае», – мяркуе ladailicheva.

«Нарэшце «Зелянбуд» завёў дошку на «Пінтэраст», – жартуе annokovit.

«Я мару мець такую клумбу ля свайго дома, але стварыць і падтрымліваць такое «вар'яцтва» патрабуе вялікай працы. А калі вам рэжа вока, то перайдзіце на другі бок праспекта, там часта бываюць гулянні народныя, піва прадаюць, смажанкі, вату салодкую, Саладуха выступае – і ніякіх кветнікаў!» - раіць cheerupra.

«І праўда жах, значна болш «прыгажая» клумба ў выглядзе «герба», – іранізуе foxs_monday23.

«Так, гэта называецца «клумба здаровага горада». Нарэшце ў нас навучыліся дапасоўваць горад да прыроды. Такое асяроддзе значна больш спрыяльна ўплывае на чалавека», - адзначае alyonaversh.

Зрэшты, каментары з крытыкай ад менчукоў таксама сустракаюцца.

«Хацелі паўтарыць як у Еўропе, але, ІМХО, не ўніклі глыбока ў тэхналогію, павярхоўна схапілі, паглядзеўшы толькі на карцінкі», – мяркуе natalliesin.

А што кажуць урбаністы і «Мінскзелянбуд»?

Рыхтавацца да азелянення горада «Мінскзеленбуд» пачынае яшчэ восенню. Спачатку распрацоўваюць канцэпцыю: збіраюць 3D-мадэлі, візуалізацыі і фота. Затым аналізуюць, як высадзіць кветкі, каб яны ўпісаліся ў гарадскую прастору. Пасля спецыялісты разлічваюць, колькі раслін спатрэбіцца Менску.

Так, да 2025 года планавалі высадзіць 1,4 млн аднагадовых раслін і 100 тысяч шматгадовых. Акцэнт надумалі рабіць менавіта на мнагалетнікі – тыя самыя, што высаджаны ля ГЦ «Галерэя». Дзякуючы ім зеляніна ў горадзе трымаецца з красавіка і да першых замаразкаў – даглядае кветнікі блізу 2000 спецыялістаў.

Як расказвалі CityDog.io урбаністы, трэнд на азеляненне Менска мнагалетнікамі станоўчы. Адналеткі ж хутка марнеюць і патрабуюць пастаяннага кантролю.

- Пачаў мяняцца трэнд у азеляненні. Напрыклад, каля кінатэатра «Масква» і на бульвары ля парку Чалюскінцаў высадзілі зёлкавыя расліны, якія з'яўляюцца шматгадовымі і не патрабуюць перасадкі. Выкарыстоўваюцца падобныя прыёмы і ў раёнах новабудоўляў, напрыклад у Новай Баравой. Ствараецца адчуванне, што гэта ператвараецца ў сістэму, – адзначалі экспэрты.

Каму дзякаваць за прыгожыя клумбы ў горадзе?

Новую канцэпцыю ў азеляненні садоў і вуліц прапанаваў Нідэрландскі ландшафтны дызайнер Піт Удольф. Ён адмовіўся ад строгіх геаметрычных формаў і вечназялёных раслін. Наўзамен прапанаваў «Сад новай хвалі» з мнагалетнікаў і травой. Сутнасць канцэпцыі - кветкавыя кампазіцыі, якія ўзаемадзейнічаюць з прыродай, змяняюцца ў залежнасці ад сезону і адрозніваюцца вялікім біяразнастайнасцю.

Калі ў традыцыйным падыходзе азелянення выкарыстоўвалі блізу 30 відаў раслін, Удольф дазволіў спалучаць у адной кампазіцыі больш за 100 відаў.

Натуральнасць такіх кветнікаў і садоў дазваляе захаваць экасістэму нават у гарадскім асяроддзі. Кузуркам - пчолам і чмялям – прасцей выжыць. А вось пустазелле на такіх клумбах амаль не расце.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках