Украіна ацаніла яшчэ год вайны з Расеяй на 120 млрд. даляраў
6- 22.07.2025, 18:22
- 1,932
60 млрд.даляраў з іх Кіеў спадзяецца прыцягнуць з дапамогай сваіх хаўруснікаў у ЕЗ і NATO.
Украіне спатрэбіцца не менш як 120 млрд. даляраў на вайсковыя патрэбы ў 2026 годзе, заявіў у аўторак міністр абароны Украіны Дзяніс Шмыгаль. 60 млрд. даляраў з іх Кіеў спадзяецца прыцягнуць з дапамогай сваіх,хаўруснікаў у ЕЗ і NATO,
адзначыў кіраўнік ведамства ў сваёй заяве ў тэлеграм-канале.
"Працуем з іншымі краінамі, каб прыцягнуць палову гэтай сумы з падтрымкай хаўруснікаў", - напісаў Шмыгаль. Паводле яго слоў, перамовы з заходнімі партнёрамі знаходзяцца на "прадметнай" стадыі.
Міністр падкрэсліў гатоўнасць Украіны "дзяліцца з партнёрамі сваім унікальным баявым вопытам, тэхналогіямі і інавацыямі", у тым ліку Кіеў прапануе хаўруснікам стварэнне сумесных прадпрыемстваў, перадачу ліцэнзій і адкрыццё вытворчасцей. "У ваенны час такая прадукцыя будзе выкарыстоўвацца для патрэб Узброеных сіл Украіны, а ў доўгатэрміновай перспектыве ўзмоцніць пазіцыі нашых хаўруснікаў", - адзначыў Шмыгаль.
Таксама ён адзначыў неабходнасць дадатковых фінансавых укладанняў у развіццё вайсковай прамысловасці Украіны, асабліва ў выпуску FPV-дронаў, беспілотнікаў вялікай далёкасці і сістэм перахопу.
У канцы чэрвеня папярэднік Шмыгаля на пасадзе кіраўніка ўкраінскага Мінабароны Рустэм Умераў заяўляў, што Украіна рыхтуецца рэзка павялічыць колькасць удараў па Расеі з дапамогай дальнабойных беспілотнікаў. Паводле яго слоў, для гэтага будуць задзейнічаныя "дзясяткі тысяч" такіх БПЛА, цэляй якіх будуць расейскія ваенныя аб'екты. Усяго ж у 2025 годзе УСУ атрымаюць больш за 4 млн. дронаў, якія вырабяць ўкраінскія прадпрыемствы, сцвярджаў Умераў.
На мінулым тыдні кіраўнік Еўракамісіі (ЕК) Урсула фон дэр Ляен паведамляла, што фонд дапамогі Украіне ў памеры 50 млрд. еўраў, закладзены ў перагледжаны бюджэт ЕЗ да 2027 года, паступова заканчваецца. У сувязі з гэтым, паводле яе слоў, ЕК заклала ў праект новага доўгатэрміновага бюджэту Еўразвяза на 2028-2034 гады 100 млрд. еўраў на падтрымку Кіева (1, 26% ад агульнага бюджэту ЕЗ).
Сродкі ў выглядзе грантаў і пазыкаў накіроўваюць краіне праз фонд Ukraine Facility, спецыяльны фінансавы інструмент, створаны ЕЗ дзеля падтрымкі Украіны падчас вайны і ў пасляваенны перыяд. Гэта дапамога ідзе на макрафінансавую дапамогу, рэканструкцыю, правядзенне рэформ і мадэрнізацыю краіны.
З пачатку поўнамаштабнай вайны ЕЗ ужо прадаставіў Украіне амаль 160 млрд. еўраў,тут і 50 млрд для Ukraine Facility. У 2025 годзе дзяржавы ЕЗ паабяцалі Кіеву дадатковую вайсковую дапамогу на суму 23 млрд. еўраў, а таксама далі пазыку на 30 млрд. еўраў,якія забяспечаныя замарожанымі расейскімі актывамі.
Вайсковую і фінансавую дапамогу Украіне даюць і іншыя краіны. У суботу міністр абароны Аўстраліі Рычард Марлес паведамляў, што Кіеў ужо атрымаў большую частку з 49 танкаў M1A1 Abrams, якія Канбера перадала Украіне як дапамогу на 160 млн. даляраў дзеля абароны ад расейскай агрэсіі.