Нідэрланды падтрымаюць пастаўкі Patriot Украіне
1- 22.07.2025, 17:36
- 1,300
Кіраўнік Мінабароны пацвердзіў гатоўнасць узмацніць абарону ад паветранага тэрору РФ.
Кіраўнік Міністэрства абароны Нідэрландаў Рубэн Брэкельманс пацвердзіў гатоўнасць яго краіны суфінансаваць пастаўкі дадатковых сістэм Patriot для Украіны.
Пра гэта паведаміла нідэрландскае Мінабароны пасля пасяджэння кантактнай групы аб пытаннях абароны Украіны ў панядзелак, піша «Еўрапейская праўда».
Падчас пасяджэння ў фармаце «Рамштайн» Брэкельманс падкрэсліў неабходнасць абароны Украіны ад «кампаніі расейскага паветранага тэрору».
«Мэта Расеі простая: прымусіць моцных украінцаў стаць на калені. Мы не можам гэтага дапусціць. Таму мы хочам зрабіць істотны ўнёсак у дадатковыя сродкі супрацьпаветранай абароны Украіны», - падкрэсліў ён.
У Мінабароны Нідэрландаў адзначылі, што краіна цяпер вядзе «шчыльныя і інтэнсіўныя кансультацыі» з ЗША і іншымі супольнікамі наконт схемы пастаўкі Украіне амерыканскай зброі, уключаючы сістэмы Patriot.
«Дакладныя дэталі ўкладу Нідэрландаў будуць прапрацаваныя ў найбліжэйшы час. Гэта будзе адбывацца ў шчыльнай каардынацыі з NATO, ЗША і іншымі хаўруснікамі», – дадала ўстанова.