Японская кампанія забараніла сваім суднам перавозіць ЗПГ з Расеі
- 22.07.2025, 17:03
- 1,706
Пасля гэтага ЕЗ зняў санкцыі з трох яе танкераў.
Еўразвяз скасаваў санкцыі супраць трох танкераў японскай кампаніі Mitsui O. S. K. Lines. Яны раней перавозілі расейскі звадкаваны прыродны газ, паведамляе Reuters.
Еўрапейскі Звяз выключыў з санкцыйнага спісу тры танкеры-North Moon, North Ocean і North Light, якія раней перавозілі грузы з завода Yamal LNG і ўдзельнічалі ў перагрузцы з судна на судна ля ўзбярэжжа Мурманска. Гэтыя абмежаванні былі часткай 18-га санкцыйнага пакета ЕЗ.
Як паведаміла Еўрапейская камісія на сваім сайце, выключэнне стала магчымым пасля таго, як былі атрыманы цвёрдыя гарантыі, што названыя судны больш не будуць задзейнічаныя ў перавозцы расейскага звадкаванага прыроднага газуз праектаў «Ямал» і «Арктыка ЗПГ-2», для якіх іх першапачаткова замовілі.
«Гэтая мера дэманструе эфектыўнасць санкцыйнага механізму ЕЗ у дачыненні да марскіх суднаў і магчымасць іх вяртання да эксплуатацыі пры наяўнасці адпаведных абавязанняў», — растлумачылі ў ЕК.
Усе тры танкеры былі пабудаваныя летась на паўднёвакарэйскай верфі Hanwha Ocean.