Беларускі МАЗ скардзіцца на кітайцаў і расейцаў
9- 22.07.2025, 11:50
- 7,578
Яны нібыта «несумленна канкуруюць».
Мінскі аўтамабільны завод адчувае сур'ёзны ціск на расейскім рынку праз «жорсткую і несумленную канкурэнцыю». Пра гэта заявіў намеснік гендырэктара АТ «МАЗ» Аляксандр Ігнацюк у эфіры тэлеканала СТВ.
Паводле ягоных слоў, расейскі рынак - гэта вельмі канкурэнтнае асяроддзе, дзе акрамя мясцовых вытворцаў, якія фактычна кантралююць сітуацыю, актыўны ўдзел прымаюць і кітайскія кампаніі.
- Мы адчуваем ціск як з боку расейскіх гульцоў, якія фактычна з'яўляюцца гаспадарамі рынку, так і з боку кітайскіх вытворцаў, якія актыўна прасоўваюць сваю прадукцыю, — адзначыў Ігнацюк. - Нягледзячы на гэта, у МАЗа ёсць свая ніша і фіксаваная дзель.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што барацьба за рынак далёка не заўсёды вядзецца сумленна. Асабліва гэта заўважна ў Санкт-Пецярбургу, дзе зафіксаваныя выпадкі ўзгарання беларускіх аўтамабіляў МАЗ.
- Канкурэнцыя агрэсіўная, уключаючы коштавую катэгорыю. Некаторыя метады відавочна выходзяць за рамкі дзелавой этыкі, — дадаў Ігнацюк, падкрэсліўшы, што беларусы імкнуцца дзейнічаць адкрыта і празрыста.