Эканамістка: Набліжаецца момант, калі праўда выйдзе вонкі
9- 22.07.2025, 12:33
- 21,372
У чым унікальнасць новых санкцый ЕЗ супраць рэжыму Лукашэнкі.
Еўразвяз узгадніў 18-ы пакет санкцый супраць Расеі і Беларусі, сярод іх — поўная забарона на аперацыі з беларускімі банкаўскімі структурамі, які раней тычыўся толькі Swift. Санкцыі закранулі Белаграпрамбанк, Банк Дабрабыт, Банк развіцця Рэспублікі Беларусь і Белінвестбанк.
Эканамістка расказала, як гэта адаб'ецца на беларусах і беларускіх прадпрыемствах.
- Не думаю, што просты беларус часта выязджае ў ЕЗ і выдаткоўвае там грошы са сваёй банкаўскай карты. Гэтыя санкцыі найперш накіраваныя на юрыдычныя кампаніі, якія абслугоўваюцца праз гэтыя банкі, — кажа Аліса Рыжычэнка ў эфіры «Еўрарадыё».
Эканамістка падкрэслівае, што гаворка ідзе аб дзяржаўных або прыватна-дзяржаўных кампаніях, якія абслугоўваюцца праз гэтыя банкі. Пры гэтым беларусы, якія вядуць бізнэс у краіне, на думку Рыжычэнкі, часцей аддаюць перавагу прыватным банкам.
- І такія банкі, якія абслугоўваюцца на тэрыторыі ЕЗ, засталіся ў Беларусі. Так што, я думаю, звычайных беларусаў гэтыя санкцыі не закрануць ці ж яны не моцна ад іх зазнаюць — будуць браць у ЕЗ гатоўку альбо адкрываць рахунак у іншым банку, што нескладана.
Што тычыцца юрыдычных прадпрыемстваў, то яны, мяркуе эканамістка, будуць шукаць абыходныя шляхі.
— Але, трэба памятаць, што кожны такі шлях - гэта павелічэнне кошту прадукцыі, якую вырабляюць на гэтых прадпрыемствах. Рана ці позна паўстане пытанне: а ці выгадна нам гэта вырабляць?
Сёння ў гэтых тавараў толькі адзін пакупнік - Расея. Няма іншага рынку, куды можна прыйсці з якімі-небудзь набоямі і прадаваць іх. Тут усё вырабляецца выключна для патрэб РФ. І Расея мае магчымасць дыктаваць умовы коштамі. Усведамляючы, што толькі яны з'яўляюцца адзінымі магчымымі пакупнікамі, Беларусь будзе вымушаная пагадзіцца.
Пры гэтым прадпрыемствы, працягвае экспэртка, апынуцца ў наступнай сітуацыі: з аднаго боку, дэфіцыт кадраў — работнікаў неабходна ўтрымліваць высокімі заробкамі, з другога боку, неабходна нарошчваць вытворчасць, каб паспяваць выконваць дзяржаўныя заказы, а з трэцяга — адбываецца падаражанне дэталяў, прамежкавага імпарту, сыравіны.
- У выніку можна мець прадукцыю, якую будзе нявыгадна вырабляць. Выдаткі з даходамі не сыдуцца. Таму, нават калі будуць наладжаныя нейкія абыходныя шляхі, усё адно гэта будзе ўдар для арганізацыі, таму што павялічыцца сабекошт прадукцыі, якую яны вырабляюць.
Рэсурсы прадпрыемстваў і дзяржаўнага бюджэту не бязмежныя. Рана ці позна наступіць момант, калі маржа зусім знікне, трэба будзе адрываць з дзяржбюджэту сродкі, каб падтрымліваць гэтыя прадпрыемствы на плаве — альбо скарачаць людзей, альбо змяншаць заробкі.
Нельга сказаць, што гэта ўсё нам на руку — але гэта набліжае момант, калі праўда ўскрыецца, і ўсё больш людзей будуць разумець, што адбываецца ў беларускай эканоміцы.