13 снежня 2025, Субота, 6:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

WP: Пуцін заплаціць каласальны кошт

17
WP: Пуцін заплаціць каласальны кошт

Ультыматум Трампа дорага абыдзецца Расеі.

Расейскі дыктатар Уладзімір Пуцін не плануе ісці на кампраміс у вайне ва Украіне, і гэта разбурае надзеі на мірную дамову, якая паклала б канец вайне або аднавіла стасункі Масквы з Захадам, піша The Washington Post.

«Аналітыкі ўважаюць адмову ад кампрамісу за стратэгічную памылку, якая абыдзецца Расеі на каласальны кошт з гледзішча міжнароднага ўплыву, рынкаў для экспарту энэргарэсурсаў і глабальных хаўруснікаў», – адзначае выданне.

Як адзначае эксперт датычна Расеі Майкл Кімадж, намер Пуціна не дапускаць Украіну ў NATO і патрабаванне прызнаць за Расеяй захопленыя тэрыторыі – сведчыць, што ягоны намер прадаўжаць барацьбу не заснаваны на абароне рацыянальных інтарэсаў бяспекі Расеі, а хутчэй з'яўляецца «эмацыйнай фіксацыяй».

Ён дадаў, што, хоць Пуцін часткова рухаецца асцярогамі наконт пашырэння NATO да межаў Расеі, ёсць таксама адчуванне, што ён «помсціць» Украіне за тое, што яна не з'яўляецца паслухмянай хаўруснай дзяржавай, як Беларусь.

«Гэта глыбока ірацыянальна, нават фанатычна, але гэта адна з многіх прычынаў, чаму я думаю, што Пуцін проста не можа адхіліцца ад гэтай вайны», – кажа Кімадж.

Між тым стасункі Расеі з важнымі суседзямі, у тым ліку Казахстанам, Арменіяй і Азербайджанам, пагоршыліся. Таксама да вайны Пуцін ганарыўся сваёй здольнасцю весці перамовы з усімі гульцамі на Блізкім Усходзе, але з таго часу ён страціў уплыў і хаўруснікаў.

Вайна таксама прывяла да таго, што эканоміка Расеі стала моцна залежнай ад Кітая. У 2021 годзе, да вайны, Расея экспартавала 49% сваёй нафты і 74% газу ў Еўропу, але з пачаткам вайны яна рэзка скараціла імпарт, і цяпер Расея прадае большую частку сваёй энэргіі паводле зніжаных коштаў Кітаю і Індыі.

«Звужаныя гандлёвыя магчымасці Расеі, эканоміка, у значнай ступені арыентаваная на ваенную вытворчасць, і будучы цяжар ваенных пенсій – усё гэта пагражае доўгатэрміноваму росквіту».

Спачатку Украіна, цяпер Захад

Няздольнасць Пуціна скарыстацца саступкамі Трампа стварае ўмовы для вайны без канца і ўмацоўвае даўняе меркаванне яго асяроддзя, што ЗША заўсёды будуць спаборнікам Расеі, піша WP.

«З больш жорсткім тонам Трампа ў дачыненні да Пуціна расейскія аналітыкі зноў малююць гэтую вайну як цэнтральны элемент месіянскай барацьбы Расеі супраць Злучаных Штатаў і Захаду», – адзначаецца ў артыкуле.

У той самы час, як адзначае гісторык Стывен Коткін, гістарычна Расея заўсёды дасягала найбольшага росквіту, калі мела глыбокія эканамічныя сувязі з заходнімі суседзямі.

«Да спробы заваяваць яе ўсю Расея мела значна большы ўплыў на Украіну, чым сёння. У многім праз ужыванне сілы пазіцыі Расеі ў Еўразіі, у тым ліку і ў рэгіёнах, дзе яна калісьці панавала, слабеюць», – піша ён.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках