ДАІ абвясціла дзіўную акцыю на дарогах Беларусі
9- 19.07.2025, 13:05
- 8,576
Адну з катэгорый кіроўцаў запісалі ў «хуліганы».
Дзяржаўная аўтаінспекцыя Беларусі праводзіць з 18 да 20 ліпеня рэспубліканскую прафілактычную акцыю «матацыкліст». Як паведамілі ў ведамстве, адна з яе асноўных мэт - «фармаванне ўзаемаветлівага стаўлення паміж удзельнікамі дарожнага руху і спыненне хуліганскіх дзеянняў з боку матацыклістаў».
Так, у ДАІ Гомельскай вобласці ўдакладнілі, што акцыя накіраваная на мінімізацыю ДТЗ з удзелам кіроўцаў мотатранспарту. З пачатку года ў гэтым рэгіёне адбылося 22 такія аварыі, у якіх адзін чалавек загінуў і 22 атрымалі траўмы.
Па ўсёй краіне інспектары ДПС абвясцілі ўзмоцнены кантроль на дарогах. Як заявілі ў МУС, асноўная ўвага будзе надавацца такім парушэнням, як кіраванне мотатранспартам у нецвярозым стане або без пасведчання кіроўцы, перавышэнне хуткасці, а таксама эксплуатацыя незарэгістраваных, канструктыўна змененых або «саматужна сабраных» матацыклаў.
Для выяўлення парушальнікаў анансавалі выкарыстанне сакрэтнага і змешанага кантролю, мотапатруляў, беспілотных лятальных апаратаў і рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі.
У ДАІ Менскай вобласці падалі сваю статыстыку. За паўгода на тэрыторыі рэгіёну адбылося 52 ДТЗ з удзелам мотатранспарту, у якіх 7 чалавек загінулі і 53 былі параненыя. З віны саміх мотааматараў адбылося 35 ДТЗ.
У Дзяржаўтаінспекцыі таксама нагадалі і аўтамабілістам аб неабходнасці быць больш уважлівымі на дарозе са з'яўленнем двухколавага транспарту, сачыць за дарожнай абстаноўкай і прагназаваць магчымыя небяспекі.